У Нямеччыне ёсць вялікая верагоднасць пагрозы тэракту. Пад кантролем усе аэрапорты


Паліцыя Нямеччыны расшуквае чатырох меркаваных тэрарыстаў, якія сачылі за аэрапортам Штутгарту. Паводле праваахоўнікаў, яны могуць планаваць тэракты. Узмоцнены кантроль у 14 аэрапортах краіны.

Паводле DW, , нямецкія праваахоўнікі атрымалі інфармацыю пра падазроных мужчын ад спецслужбаў Марока. Паведамляецца, што група плануе тэракт-самагубства ў адным з аэрапортаў падчас калядных святаў.

Асобы некаторых падазраваных ужо вядомыя. У поле зроку праваахоўнікаў трапілі бацька і сын з федэральнай зямлі Паўночны Рэйн – Вэстфалія. Пасля тэракту ў Страсбургу іх заўважылі ў Парыжскім і Штутгарцкім аэрапортах, дзе яны фатаграфавалі будынкі тэрміналаў і тэрыторыю аэрапорту. Затрымаць іх не ўдалося.

Аэрапорт Франкфурту. Фота чытача belsat.eu

Наш чытач даслоўна захрас у Франкфурце праз павышаныя захады бяспекі. Паводле яго, у аэрапорце шмат ахоўнікаў з аўтаматамі ды журналістаў. На пунктах дагляду вялікая чарга. Людзей вельмі ўважліва даглядаюць, здымаюць нават шкарпэткі.

«У мяне ўчора быў трансфер у Франкфурце. Мой самалёт прыляцеў са спазненнем і да адлёту ў Менск заставалася каля сарака хвілінаў. Я дабег да пункту дагляду, там мяне абшуквалі дваццаць хвілінаў. І не адпускалі, калі казаў, што мой самалёт зараз уляціць. У выніку я спазніўся».

ДР belsat.eu

 

 

Стужка навінаў