
Прычына – удзел краіны ў аперацыях у Афганістане, дзе жанчыны не могуць размаўляць з незнаёмымі мужчынамі.
Нарвежскае спецпадраздзяленне (Forsvarets Spesialkommando, FSK) грала важную ролю ў антытэрарыстычных аперацыях у Афганістане, часта супрацоўнічаючы з амерыканскімі армейскімі камандас з атраду «Дэльта» і камандас ВМС, піша Аляксандр Гелагаеў на старонцы «Нашай Нівы». Аднак заходнія жаўнеры патрапілі ў культуру, дзе жанчынам можна размаўляць толькі з мужчынамі-сваякамі.
«Паклікаць на службу жанчын было аператыўнай неабходнасцю», – кажа афіцэр нарвежскіх падраздзяленняў спецпрызначэння Відар Крогсэтэр у інтэрв’ю foreignaffairs.com.
Новае падраздзяленне назвалі Jegertroppen – «Паляўнічы атрад».
Каб патрапіць у гэты аддзел, трэба прайсці шэраг вельмі цяжкіх выпрабаванняў, курс контртэрарызму, падрыхтоўкі для гарадскіх баёў, парашутнай падрыхтоўкі, курс выжывання ў розных кліматычных зонах, у тым ліку ў Арктыцы.
Толькі 13 з 317 кандыдатак прайшлі курс падрыхтоўкі ў 2014 годзе і прыкладна столькі ж – у 2015. Такім чынам, атрад налічвае менш за 30 чалавек, яго стварэнне ўсцяж працягваецца.
Нарвегія – першая ў НАТА краіна, якая прыняла закон пра прызыў для ўсіх – як мужчын, гэтак і жанчын.
Абавязковая вайсковая служба для жанчын існуе таксама ў Ізраілі.
ДД, belsat.eu