«У мёртвай-мёртвай вёсцы…»: Радаўніца ў адселенай зоне. Фотарэпартаж


«Зона адчужэння, якая была створана на тэрыторыі Беларусі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, цяпер адкрыта для турыстаў», – паведамілі медыі амаль месяц таму. «Белсат» выправіўся ў невялічкую вандроўку па адселенай зоне ў той час, калі яна штогод ажывае – на Радаўніцу.

Доўга едзем па сучаснай трасе ў бок Чачэрску з Гомля. Слухаем гісторыі цяперашніх гомельцаў, якія 30 гадоў таму былі жыхарамі выселеных вёсак Дудзічы і Шапатовічы:

– А я з сабой сякеру ўзяла во, – распавядае Галіна. – Кажуць, што на дудзіцкіх могілках рысь бачылі. Здаравенную…

– І што, адбівацца сякерай будзеш? – пытае ейная сяброўка і колішняя аднакласніца Антаніна.

– Ага. Страшна ж. А раптам скокне, так хоць сякера ё.

Збочваем з трасы направа і амаль адразу ж трапляем на сцежку, прастора абапал якой больш нагадвае джунглі, чым вёску. Непадалёк сустракаем і першы знак, які сведчыць, што тут ужо – радыяцыйная зона.

Дрэвы і кусты скрабуць па кодаўбе аўтамабіля, атачаюць з усіх бакоў і, здаецца, вось-вось праглынуць нас – ніхто і ніколі потым не знойдзе. Праязджаем яшчэ крыху і выбіраемся нарэшце з зялёнага палону. Бачым засеяны чымсьці кавалак зямлі.

– О, глядзіце, зямлю апрацавалі. Відаць, калгас. І пасадзілі нешта. А потым гэтым скаціну кормяць, ці нас, – заўважае нехта са спадарожнікаў.

І сапраўды, яшчэ неаднойчы на шляху нам сустракаюцца гэткія «рэабілітаваныя» землі.

Радыяцыя

Колькасць сведчанняў таго, што тут нас чакае радыяцыйная небяспека, усё павялічваецца і павялічваецца. Часам можна сустрэць некалькі таблічак на пару квадратных метраў. Навейшыя таблічкі, якія адрозніваюцца ад іншых чорным колерам фону, кажуць яшчэ і пра тое, што тут за намі назіраюць фотакамеры.

– О, вось нашыя Дудзічы, вось шыльдачка адпаведная, гляньце, – кажа Галіна і звяртаецца да сваёй сяброўкі. – У вас жа ў Шапатовічах таксама ё такая.

– Не, мы два гады таму былі – шыльды ўжо не было. Нехта зняў, – адказвае ёй Антаніна.

Самае жывое месца ў выселеных вёсках – могілкі

Могілкі ў вёсцы Шапатовічы не адразу ўбачыш, не ведаючы, што яны тут ёсць. Іх надзейна хаваюць зялёныя ўжо расліны.

Але на Радаўніцу не прамахнешся – сюды цягнуцца перасяленцы з усёй Беларусі і нават з-за яе межаў. Покліч каранёў? Ушанаванне продкаў? Настальгія па родных мясцінах? У кожнага, бадай, свае матывы. Але што ўсіх іх аб’ядноўвае, дык гэта праца на могілках.

З часам праз буянне прыроды нават пахаванні родных складана тут пазнаць:

– Я не знаю, Ларыса, напэўна не туды мяне прывяла, – кажа бабуля Зінаіда. – Ну вот я так і гляджу, што гэта не мае. Ну я ўжо лісце выскрабла, клопат. Зараз дачка прыйдзе – павыносіць.

– Ну як не твае, мама, пачытай: Драбышэўскія, нашы, – кажа дачка Зінаіды Ларыса. – Нашы-нашы, вот пачытай – Грыгорый і Марыя. Нашы!

Прыбраўшыся на могілках, спадарожніцы адкрываюць мне сапраўдную таямніцу: у адной з адселеных вёсак усё ж такі застаўся куточак жыцця. Тут засталася мясцовая жыхарка Соф’я. Выпраўляемся да яе ў госці.

Жыццё ў зоне

– Гэта дзед мой вырашыў застацца, – пачынае свой аповед Соф’я. – Я плакала, прасіла «паехалі» – нам можна было першымі ўехаць. А ён сказаў: «Ніколі! Я паеду і буду сумаваць па сваёй вёсцы». Прыязджалі, прымушалі… Ён мне кажа: «Хочаш ехаць – едзь, я цябе куды скажаш завязу, а сам нікуды не паеду». Во так і асталіся. Думалі – будзем жыць удваіх. Ажно ён памёр у сямнаццатым годзе. Вось як.

Цяпер спадарыня Соня жыве тут адна круглы год. Але яе не крыўдзяць: аўталаўку прысылаюць раз на два дні, тэлевізар і тэлефон правялі, нават дарогу да дому ўзімку чысцяць , а медыкі прыязджаюць абследаваць кожны год. Сын таксама завітвае да маці кожныя выходныя.

– Раней на лета прыязджала ўнучка, але зараз яна ў медыцынскім універсітэце вучыцца, – кажа Соф’я. – Цяпер прыязджае ўсё радзей. Усё займаецца.

Нягледзячы на ўзрост – Соф’і ўжо 80 гадоў – жанчына ўсцяж трымае гаспадарку: садзіць агарод, трымае курэй, пчол.

Царква

Абавязковая частка нашага маршруту пралягае праз дудзіцкую царкву. А дакладней – праз тое, што ад яе засталося. Соф’я і ейны муж Мікалай былі тут апошнімі прыхаджанамі, а таксама наглядчыкамі. Але ў 2002 годзе ў царкве здарыўся пажар, прычыны якога невядомыя.

Драўляная царква, пабудаваная ажно ў 17 стагоддзі, заспела і 21-ае, але перажыць яго ужо не змагла. Цяпер на яе месцы стаіць крыж, які таксама пакрысе знікае ў буянні раслінаў.

Помнік

Ужо літаральна на выездзе з Дудзічаў бачу нейкі пастамент. Запытваю ў спадарожніц, што гэта такое.

– Гэта памятнік ваенны, заўжды ў школьныя часы да яго хадзілі, кветкі ўскладалі, – чую ў адказ. – Давайце і зараз сходзім.

Табліца савецкага часу кажа пра тое, што гэта воінскі мемарыял, прычыненне шкоды якому караецца законам. Задаюся пытаннем: нядобраўпарадкаванасць – гэта шкода ці не?

Асноўную шкоду гэтаму месцу наносіць прырода: праз гранітныя пліты прабіваюцца расліны і трава, сонца, вецер і дажджы – псуюць асфальтаванае пакрыццё і фарбы манументу. Хіба можна неяк пакараць прыроду?

Заўважаю, што за сваймі развагамі я крыху адстала ад сваіх спадарожнікаў. Яны ўжо селі ў машыну і гатовыя вяртацца ў горад. Каб зноў вярнуцца сюды, хоць на некалькі гадзінаў, на наступную Радаўніцу.

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў