У тройку самых папулярных марак аўтамабіляў сярод беларускіх згоншчыкаў уваходзяць ВАЗ (17 %), «Volkswagen» (12 %) і «Audi» (8 %). Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў.
Агулам за 9 месяцаў гэтага года зарэгістравана 596 згонаў і крадзяжоў аўтатранспарту, знайшлі 552 аўтамабілі. Цяжэй за ўсё шукаць машыны без складанай сістэмай абароны і ідэнтыфікацыі – гэта «BMW», «Toyota» і «Lexus».
Зганяюць машыны часцей за ўсё ў Менскай, Берасцейскай і Гомельскай вобласцях. Самая спакойная сітуацыя на Віцебшчыне.
Часцяком машыны зганяюць п’яныя мужчыны або падлеткі.
МУС рэкамендуе карыстацца паслугамі ахоўных стаянак, асабліва з відэаназіраннем. Пры пакупцы аўтамабіля раяць памяняць сігналізацыю. Ні ў якім разе не трэба пакідаць ключы ў замку запальвання або трымаць капот і вокны адчыненымі.
У якасці сродкаў пасіўнай бяспекі праваахоўнікі рэкамендуюць аэраграфію. Таксама міліцыянты раяць не дапускаць да машыны чужых людзей і асцерагацца «левых» аўтасэрвісаў
МГ belsat.eu