У Менску судзяць кіраўніцтва холдынгу «БелОМА»


У судзе Першамайскага раёну Менску распачаўся разгляд справы супраць былога генеральнага дырэктара «БелОМА» Вячаслава Бурскага і былога камерцыйнага дырэктара Уладзіміра Кіскіна. Іх вінавацяць у хабарніцтве, паведамляе карэспандэнт belsat.eu.

Паводле версіі следства, Кіскін і Бурскі з 2009 па 2019 год сістэматычна атрымлівалі хабары ад кіраўніка маскоўскага прадпрыемства «Аптапром-ІТ» Аляксея Фаміна. Агульная сума хабараў за 10 гадоў – больш за 821 тысячы расейскіх рублёў (каля 22 тысяч дэнамінаваных беларускіх рублёў).

Дзяржабвінаваўца сцвярджае, што Фамін прапанаваў кіраўніцтву «БелОМА» сістэматычныя ўзнагароджанні за лабіяванні ягоных інтарэсаў пры пастаўках прадукцыі холдынгу (камплектаў дэталяў комплексу самаабароны) на адрас «Аптапрам-ІТ». Фамін абяцаў Кіскіну і Бурскаму кожны квартал перадаваць не менш за 400 долараў за «сістэматычнае садзейнічанне». Яны пагадзіліся. Грошы звычайна забіраў у Фаміна Кіскін і 25% перадаваў Бурскаму.

Апошні хабар памерам у 94 тысячы расейскіх рублёў (больш за 3000 беларускіх рублёў) Кіскін атрымаў у студзені 2019 году.

Кіскін і Бурскі цалкам прызналі сваю віну.

Інфармацыя пра затрыманне кіраўніцтва «БелОМА» з’явілася ў студзені 2019 года. Паводле СМІ, Бурскага затрымалі ў Расеі, Кіскіна – у менскім аэрапорце. У лютым Генпракуратура пацвердзіла факт затрымання. Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы новае кіраўніцтва «БелОМА» 12 лютага пракаментаваў справу супраць Бурскага і Кіскіна:

«Уся эканоміка – ад продажаў гатовай прадукцыі, ад кошту гэтай прадукцыі. Яны прыніжалі кошт, наколькі я памятаю гэтую крымінальную справу. Там прыніжалі цану на ваш тавар, а розніцу дзялілі паміж спажыўцом у Расеі і частку клалі сабе ў кішэню».

Вячаслаў Бурскі. Фота belsat.eu

Бурскаму высунутае абвінавачванне паводле ч. 3 арт.430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару), Кіскіну – паводле ч.2 арт. 430. Бурскаму пагражае ад 5 да 15 гадоў зняволення, Кіскіну – ад 3 да 10.

  • Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне спецыялізуецца на распрацоўцы і выпуску оптыка-электронных, лазерных і оптыка-механічных прыладаў, у тым ліку падвойнага прызначэння.
  • Вячаслаў Бурскі ўзначальваў «БелОМА» з 1992 года, кар’еру пачаў яшчэ ў 1970-ыя інжынерам, працаваў галоўным тэхнолагам, галоўным інжынерам на «БелОМА». Доктар тэхналагічных навук, прафесар.
Hавiны
«Не адпаведна чыну бяруць». Што хаваецца за гучнымі карупцыйнымі справамі?
2019.02.22 18:18

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў