Невядомыя на аўтах з расейскімі нумарамі заблакавалі маршрутку і зламалі яе кіроўцу сківіцу.
«Я не паспеў нічога сказаць, як ён кулаком урэзаў мне ў твар», – распавёў TUT.BY кіроўца маршруткі Анатоль. Сёння яго заблакавалі два аўта з нумарамі РФ, іхныя кіроўцы выцягнулі маршрутчыка з салону і ўдарылі так, што зламалі сківіцу.
Анатоль ехаў пасля 12:00 па вуліцы Арлоўскага за стырном маршруткі № 1077, ад Камароўскага рынку ў бок Сухарава. У той момант у салоне былі некалькі пасажыраў.
«Ад’язджаў ад прыпынку, наперадзе стаяў трактар, мне трэба было яго абʼехаць. Я прапусціў некалькі машынаў, а пасля выехаў на другую паласу. Абʼехаў трактар і зноў вярнуўся ў правую паласу», – распавёў маршрутчык.
Праз пару секундаў перад маршруткай спынілася белая «Hyundai Santa Fe» з расейскімі нумарамі, а збоку выезд заблакаваў чорны «Mercedes» з РФ.
Анатоль распавёў, што было далей:
«З абедзвюх машын выскачылі кіроўцы. З белай машыны мужчына славянскай знешнасці, а з «Mercedes» – смугляваскуры. Яны выцягнулі мяне з машыны і сказалі нешта накшталт, «што ты лезеш не ў сваю паласу». Потым адзін трымаў мяне, а другі ўдарыў кулаком у твар.
Пасля агрэсіўныя кіроўцы селі ў свае машыны і зʼехалі. А Анатоль настолькі разгубіўся, што нават не адразу выклікаў міліцыю, а працягнуў ехаць па маршруце.
Ён даехаў да канцавога прыпынку, хаця па дарозе мужчыну стала кепска.
«Паглядзеў на сябе ў люстэрка, а ў мяне ўвагнутасць у сківіцы. Я выклікаў міліцыю і напісаў заяву. А яшчэ праз пару гадзін паехаў да доктара», – сказаў Анатоль.
У больніцы ў яго дыягнаставалі пералом сківіцы і шпіталізавалі, у бліжэйшы час мужчыну чакае аперацыя.
НМ, belsat.eu