У Менску ды іншых гарадах прайшлі дваравыя маршы пратэсту


Традыцыйныя акцыі пратэсту ў дварах і мікрараёнах Менску адбыліся раніцай 9 студзеня. Нагадаем, на гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэтыя пратэсты трэба спыніць.

У Менску раніцай адбыліся акцыі пратэсту ў мікрараёнах Маліноўка і Паўднёвы Захад – дзясяткі чалавек выйшлі на вуліцы з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Да сотні чалавек узялі ўдзел у дваравым маршы на вуліцы Маякоўскага (мікрараён Лошыца).

Паведамляецца таксама пра дваравыя акцыі ў раёне станцыі метро «Пушкінская», вуліц Захарава-Пуліхава і мікрараёне Сокал.

Акрамя таго, на плошчы Перамогі пратэстоўцы стварылі ланцуг салідарасці.

Ланцуг салідарнасці на плошчы Перамогі, 9 студзеня. Крыніца – belsat.eu

Каля паўтара дзясятка чалавек выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі на ранішні шпацыр у гарадзенскім мікрараёне Альшанка.

Таксама выходзілі раніцай на акцыі пратэсту ў Пружанах, Лагойску, Вялейцы і Гомлі.

Нагадаем, 7 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускіх пратэстоўцаў трэба супакоіць.

«Нам трэба сабрацца, трэба супакоіцца. Не нам, якія стаяць тут. Але той невялікай групе, якая сёння ў выходныя ходзіць па Менску. Я ж вас папярэджваў: кепска, калі яны ходзяць па вуліцы, яшчэ горш, калі яны ідуць у двары, будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашыя кватэры. Мы не павінны гэтага дапусціць», – сказаў ён, звяртаючы да вернікаў у царкве на Раство.

Раней генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што пастаўлена задача спыніць дваровыя акцыі пратэсту і «фінансаванне гэтых мерапрыемстваў». «Не сакрэт, што большасць іх ажыццяўляецца за грошы замежных спонсараў», – дадаў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў