Каля адной з кавярняў на вуліцы Даўгабродскай у беларускай сталіцы працавалі сапёры. Трывогу аднаго з мінакоў выклікаў падазроны цёмны пакунак, які ляжаў на вуліцы.
На месца прыбылі сапёры, а ўчастак вуліцы, дзе знаходзіўся сумнеўны прадмет, ачапілі.
Як паведаміла карэспандэнту агенцтва «Минск-Новости» прэс-афіцэр Партызанскага РАУС Наталля Ганусевіч, выявілася, што «валіза» – гэта ні што іншае, як кардонная скрыначка, абкручаная ў поліэтылен. Знаходка не ўяўляе небяспекі.
У Беларусі цэлая хваля фальшывых мінаванняў. У пятніцу 13 лістапада, напярэдадні шэрагу тэрактаў у Парыжы, у Менску часова зачынілі станцыю метро «Магілёўская» і выклікалі туды сапёраў. Іх дапамога спатрэбілася таксама днём раней у Салігорску і Наваельні, дзе шукалі выбуховыя прылады ў краме і на камбінаце хлебапрадуктаў.
31 Кастрычніка над Егіптам пацярпеў крушэнне расейскі самалёт A321. У выніку авіякатастрофы загінулі 224 асобы. З сабраных доказаў вынікае, што гэта быў тэракт. Адказнасць за яго ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава». Прадстаўнікі тэрарыстычнай арганізацыі паабяцалі таксама праз новыя тэракты адпомсціць Расеі за ўдзел у канфлікце ў Сірыі.
МЯ, паводле minsknews.by