Аператыўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС затрымалі лідара і актыўнага ўдзельніка магілёўскай каляфутбольнай групоўкі «Сям’я».
Як паведамляе сайт магілёўскай міліцыі, па справе аб злосным хуліганстве ў Рагачове праходзяць пяць чалавек з гэтай групоўкі. У снежні 2014 года кампанія магілёўцаў (у тым ліку непаўналетніх) прыехала ў госці да рагачоўскіх фанатаў. У адным з начных клубаў яны жорстка збілі семярых мясцовых жыхароў. Усе яны пасля сустрэчы з магілёўцамі трапілі ў траўматалогію. Па факце бойкі Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.
Аператыўны супрацоўнік МУС у каментары тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў, што ў групоўку «Сям’я» уваходзіць каля 20 чалавек.
Аператыўны супрацоўнік 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС: «Пракуратурай Гомельскай вобласці лідар і актыўны ўдзельнік арыштаваныя, тры актыўныя ўдзельнікі – на падпісцы аб нявыездзе ў сувязі з іх непаўналетнім узростам. Былі знойдзены каля 20 актыўных удзельнікаў гэтай групоўкі».
Групоўка «праславілася» у траўні. Тады ў адным з магілёўскіх караоке-клубаў адбылася жорсткая бойка. Хлопцы білі адпачывальнікаў, выкрыкваючы нацысцкія лозунгі. Паведамляецца, што сярод чальцоў групоўкі вітаюцца неанацызм і расізм.
ЮВ, belsat.eu, паводле euroradio.fm