У Магілёве судзяць экс-кіраўніка філіялу «Белгазпрамбанку». Ягоную справу на БТ звязалі са справай Віктара Бабарыкі


18 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Магілёва пачаў разгляд справы былога дырэктара Магілёўскай абласной дырэкцыі «Белгазпрамбанку» Сяргея Кармызава. Яго судзяць паводле ч. 2, арт. 426 Крымінальнага кодэксу – за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры.

Сяргея Кармызава вядуць на судовае паседжанне 18 студзеня. Фота belsat.eu

Сяргея Кармызава затрымалі 12 чэрвеня 2020 года. Праўда, у сюжэце на БТ сказалі, што ён сам прыйшоў у ДФР з павіннай. Сяргей Кармызаў быў сябрам ініцыятыўнай групы экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі. 12 чэрвеня затрымалі Уладзіміра Дударава, каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласці. А за дзень да гэтага, 11 чэрвеня, супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў галаўны офіс «Белгазпрамбанку» ў Менску. На той момант у Беларусі актыўна ішоў збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцкую гонку, і Віктар Бабарыка быў адным з вылучэнцаў.

Крымінальную справу Сяргея Кармызава разглядае суддзя Жанна Пушкіна. Пацярпелай у справе прызнаная даўняя знаёмая Кармызава Святлана Цэдзік. Згодна агучанаму на паседжанні абвінавачанню, Сяргей Кармызаў спланаваў і арганізаваў выдачу крэдыту на падстаўную асобу, за што атрымаў грашовае ўзнагароджанне памерам 10 % ад сумы выдадзенага крэдыту.

Сваю віну Сяргей Кармызаў цалкам прызнаў. Але выступаць пажадаў пасля пацярпелай Святланы Цэдзік.

На БТ гэтую гісторыю паказалі яшчэ да суда. Пацярпелая Святлана Цэдзік плакала на камеру і казала наступнае: «Мяне падманулі, прычым нейкім нахабным чынам. Не па-чалавечы». Яна ж перадала карэспандэнту і словы нібыта самога Кармызава: «Мы дачакаемся жніўня, у нас будуць перамены». Ён сказаў: «Ты ж ведаеш, хто балатуецца на прэзідэнта?»

Скрыншот з відэн АТН пра справу Белгазпрамбанка
Скрыншот відэа БТ пра Кармызава

Нічога падобнага на судзе Святлана Цэдзік не казала. Яна адзначыла, што з Кармызавам была ў добрых прыяцельскіх стасунках, крэдыт на сябе ўзяла добраахвотна, і цяпер ніякіх прэтэнзіяў да Кармызава не мае.

У лістападзе 2016 года Святлана Цэдзік атрымала ў магілёўскім філіяле «Белгазпрамбанку» спажывецкі крэдыт на 75 тысяч рублёў на 5 гадоў. Па папярэдняй дамоўленасці гэтыя грошы яна перадала дырэктару ТДА «Арсенал» Новікаву.

«Мы з Кармызавым знаёмыя з 2005 года, разам працавалі. У 2011–2012 гадах ён пазнаёміў мяне з Новікавым, каб я, як бухгалтар, пракансультавала яго ў некаторых пытаннях. Я рабіла гэта неаднойчы. Паколькі ў мяне была добрая крэдытная гісторыя, у 2016 годзе Кармызаў звярнуўся да мяне, каб узяць крэдыт для Новікава. Я пагадзілася», – сказала Святлана Цэдзік на судзе.

Паручальнікам крэдыту выступіла жонка Новікава Алена і ў якасці залогу заявіла ўласную машыну «Toyota Land Cruiser» коштам больш за 100 тысяч беларускіх рублёў.

Справу Кармызава разглядае суд Кастрычніцкага раёну Магілёва. Фота belsat.eu

Крэдыт Цэдзік далі 21 лістапада 2016 года, хаця на той момант Кармызаў не падпісаў неабходных дамоваў на крэдыт. Пры гэтым Цэдзік прызналася, што, каб атрымаць крэдыт, яна завысіла свой штомесячны даход. Сплочваць крэдыт яна не збіралася, а разлічвала на сям’ю Новікавых і ў скрайнім выпадку – на продаж іхнай дарагой машыны.

Крэдыт Новікаў сапраўды аплочваў. Да лютага 2019 года, калі яго арыштавалі як падазраванага па ч. 4. арт. 209 Крымінальнага кодэксу – за махлярства. У жніўні 2019-га суд Ленінскага раёну прызнаў Новікава вінаватым і пасадзіў у турму. Жонка Новікава выплочваць крэдыт адмовілася. Цэдзік была вымушана самастойна рабіць унёскі. Кармызаў дапамог ёй, даўшы 4000 беларускіх рублёў. Пры гэтым Цэдзік заняла месца Новікава ў ТДА «Арсенал» і стала дырэктаркай таварыства да жніўня 2019 года.

«Кармызаў абяцаў, што банк не будзе падаваць у суд. Толькі трэба, каб я хаця б мінімальна плаціла па крэдыце. Сам ён мне дапамог толькі адзін раз – перадаў 4000 беларускіх рублёў. Але суд па крэдыце ўсё ж такі адбыўся ў снежні 2019 года. На ім выявілася, што залогавая машына «Toyota Land Cruiser» ужо прададзеная і не з’яўляецца маёмасцю Алены Новікавай. На судзе я прызнала ўласную адказнасць па крэдыце і сваю віну ў справе. Суд спагнаў з мяне грошы і наклаў арышт на маёмасць», – распавяла Святлана Цэдзік.

Заяву ў міліцыю Цэдзік напісала толькі ў чэрвені 2020 года. Перад ці пасля затрымання Кармызава, пакуль не ўдакладняецца. На дадзены момант, са словаў Цэдзік, крэдыт пагашаны цалкам. Ейны асабісты ўнёсак, пазначаны ў пазове, – 8181 беларускі рубель.

«Мне сказалі, што можна напісаць пазоў, я і напісала. Да каго, я не ведаю. Да Кармызава я не маю ніякіх патрабаванняў ці прэтэнзіяў, ад яго мне нічога не трэба», – заявіла Цэдзік на судзе.

На гэтым першае паседжанне ў справе скончылася. Абвінавачаны Кармызаў выступіць на наступным паседжанні 21 студзеня. Дзяржаўнае тэлебачанне казала, што ў справе Кармызава праходзіць «некалькі пацярпелых, і нанесена шкода на сотні тысяч долараў».

Скрыншот з відэа БТ каментар дае Святлана Цэдзік

У сюжэце «Панарамы» на БТ цесна сплялі справу Кармызава з крэдытам і вылучэнне Віктара Бабарыкі ў кандыдаты на прэзідэнцтва. Спачатку ў сюжэце даводзяць, нібыта Кармызаў прасіў Цэдзік пачакаць жніўня 2020 года. А пасля паказалі відэа з допыту Кармызава, на якім той казаў пра Віктара Бабарыку:

«Па меры таго, як ідзе вось гэта кампанія як такая, добра было бачна, што Віктар Дзмітрыевіч лётае ў аблоках. Бо адна справа, калі ты кіруеш невялікім калектывам, а другая справа, калі ты кіруеш цэлай краінай».

Сяргей Кармызаў быў у ліку 15 затрыманых топ-менеджараў ды іншых працаўнікоў «Белзагпрамбанку» ў чэрвені 2020 года. І ўсё гэта на БТ звязвалася з так званай супрацьпраўнай дзейнасцю Віктара Бабарыкі.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў