У Магілёве перакулілася маршрутка з пасажырамі. Ёсць пацярпелыя


16 красавіка 2019 года. Маршрутнае таксі перавярнулася пасля сутыкнення з грузавіком

У Магілёве адбылося ДТЗ з удзелам рэйсавай маршруткі, у якой ехалі пасажыры з дзецьмі. Маршрутка сутыкнулася з грузавіком. Пасля ўдару яна завалілася на бок і так праехала яшчэ каля трыццаці метраў. На месцы здарэння шмат крыві, працуе хуткая дапамога.

Абноўлена. Маршрутку забраў эвакуатар.

На вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве маршрутка па маршруце № 43Т не здолела раз’ехацца з грузавой машынай. Паводле сведкаў здарэння, грузавік выязджаў з другаснай вуліцы, а маршрутка рухалася па галоўнай. Сярод пасажыраў маршрутцы было двое непаўналетніх.

Жыхарка Магілёва Воля ехала ў маршрутцы разам з татам, яны абодва атрымалі ўдары.

«Мы ехалі ў маршрутцы і ніхто не чакаў, што ўсё так здарыцца. Калі мы адчулі ўдар, тата адразу адрэагаваў і схапіў мяне, каб абараніць. Маршрутка праехала на баку метраў 30. Калі маршрутка спынілася, да нас падбеглі людзі. Яны выціснулі люк і мы пачалі выбірацца з маршруткі. Мой тата застаўся ў маршрутцы, каб дапамагчы пацярпелым. Большасць пасажыраў атрымалі ўдары, але былі і мужчына з жанчынай усе ў крыві. Жанчына тая страціла прытомнасць, а мужчына сцякаў крывёю, у яго быў болевы шок, ён проста не разумеў, што адбываецца. Потым міліцыя пачала выклікаць «хуткую», і мы з’ехалі», – распавяла Вольга «Белсату».

ДАІ і «хуткая дапамога» на месцы аўтааварыі

Кіроўцу і некалькі пасажыраў маршруткі забрала «хуткая».

Паводле Вольгі, жанчына і мужчына, якія моцна пацярпелі, сядзелі на адзіночных сядзеннях.

Жыхар Магілёву Аляксандр у момант аварыі ехаў па сустрэчнай паласе. Пасля сутыкнення аўтаў ён спыніўся, каб дапамагчы людзям перакуленай маршрутцы:

«Я пайшоў дапамагаць людзям выбрацца. Заднія дзверы не адчыняліся, і мы пачалі выцягваць людзей праз выбіты люк. Пасажыраў было чалавек дзесяць. Разам са мной дапамагала вельмі шмат людзей. На які сігнал святлафора праехаў кіроўца маршруткі, я не бачыў».

Магілёўцы актыўна абмяркоўваюць у інтэрнэце складаную сітуацыю на гэтым дарожным скрыжаванні.

«Выехаць з гэтага павароту вельмі цяжка: ён не рэгулюецца святлафорам. Там не глядзяць, там проста вылятаюць на дарогу, каб праціснуцца і паехаць», – піша адзін з інтэрнаўтаў.

Іншая жанчына напісала, што жанчына, якая ехала ў маршрутцы з маленькім дзіцём, атрымала ўдар грудной клеткі і пералом храсткоў, жанчыне складана размаўляць, яна пакуль у больніцы.

«А з дзіцём усё добра, дзяўчынка толькі напалохалася», – дадае яна.

Цяпер ДАІ высвятляе дакладныя абставіны здарэння.

Вольга Васільева, фота – Сяргей Бадуноў, суполка «Магілёў Live»

Стужка навінаў