У Літве агучылі праграму перапахавання паўстанцаў 1863-1864 гадоў


Афіцыйная дзяржаўная цырымонія перапахавання парэшткаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага адбудзецца 22 лістапада ў Вільні. Арганізатары апублікавалі праграму мерапрыемства.

Парэшткі пакараных расейскімі карнікамі паўстанцаў былі выяўленыя на схілах гары Гедыміна ў Вільні. Пасля неабходных працэдураў эксгумацыі ідэнтыфікацыі, было вырашана правесці перапахаванне. У верасні сёлета распачалася дыскусія пра магчымае пахаванне паўстанцаў у Беларусі. Але афіцыйны Менск да гэтай размовы так і не далучыўся.

Ці вернецца Кастусь Каліноўскі ў Беларусь?

Цырымонія перапахавання распачнецца а палове на дзявятую гадзіны раніцы 22 лістапада ў Вільні. Да 11.30 адбудзецца грамадскае развітанне ў Кафедральным саборы святых Станіслава і Уладзіслава. Святая імша, якая распачнецца а 12 гадзіне, будзе весціся ў жывым эфіры. Таксама можна будзе пабачыць трансляцыю і пахавання на могілках Росы ў Вільні.

Пасля ўрачыстасцяў капліца, у якой пахаваюць кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, будзе адкрыта для грамадскага наведвання.

На помніку паўстанцам Каліноўскага ў Вільні з’явіцца беларуская мова

Праграма цырымоніі

8.30 – Вынас трунаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў з унутранага двара Палаца кіраўнікоў Вялікага княства Літоўскага.

8.40 – Вынас трунаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў у Кафедральны сабор-базіліку Св. Станіслава і Св. Уладзіслава

9.00-11.30 – Грамадскае развітанне

11.45 – Прыбыццё афіцыйных асобаў і замежных дэлегацыяў у Кафедральны сабор-базіліку Св. Станіслава і Св. Уладзіслава

12.00 – Святая Імша ў Кафедральным саборы-базіліцы Св. Станіслава і Св. Уладзіслава. Імшу служыць арцыбіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас, удзельнічаюць біскупы і ваенныя капланы Літвы, Польшчы, Беларусі. (Уваход у Кафедральны сабор будзе абмежаваны, будзе ладзіцца відэатрансляцыя на экране на Кафедральным пляцы (прамая трансляцыя LRT)

Пасля Св. Імшы адбудуцца развітальныя прамовы афіцыйных дзяржаўных асобаў

13.20 – Вынас трунаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў з Кафедральнага сабора-базылікі Св. Станіслава і Св. Уладзіслава. Жалобная працэсія накіроўваецца на могілкі Росы

(Маршрут жалобнай працэсіі: вул. Врублёўскё, Швентарагё, Пілес, Дзіджойі, Аўшрос Варту, Пелесос, Росы)

~ 14.00 – Прыпынак жалобнай працэсіі ў Аўшрос Вартан (Вострая брама). Спевы на літоўскай, польскай і беларускай мовах

~ 14.30 – Прыбыццё жалобнай працэсіі на могілкі Росы. (Уваход на могілкі Росы будзе абмежаваны, будзе праводзіцца відэатрансляцыя на экране (прамая трансляцыя LRT)

14.40 – Вынас трунаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў у капліцу старых могілак Росы, апошняе развітанне

Заканчэнне афіцыйнай часткі перапахавання

Заканчэнне дзяржаўнага перапахавання: памятны салют у гонар кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, а таксама ўсіх, хто змагаўся і загінуў за свабоду

~ 16.00 – Капліца могілак Росы, у якой пахаваныя кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў, адкрыта для грамадскага наведвання

Тым, хто мае намер наведаць цырымонію, Літва прадставіць ільготную візу. Дзеля гэтага неабходна індывідуальна зарэгістравацца ў Літоўскай амбасадзе да 5 лістапада бягучага году праз электронную скрыню k1@urm.lt.

Гэта меркаваны чэрап Кастуся Каліноўскага. Фотафакт

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары