У Казахстане на пасаду прэзідэнта прэтэндуюць дзевяць асобаў


У Казахстане завершаны прыём заяваў ад жадаючых балатавацца на пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах. Як адзначаецца ў паведамленні Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Казахстан па выніках пасяджэння, якое адбылося ў нядзелю, 28 красавіка, заявы на ўдзел у выбарах падалі дзевяць прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, сярод іх – Касым-Жамарт Такаеў, вылучаны кіруючай партыяй «Нур Атан».

Акрамя яго, у прэзідэнты балатуюцца пісьменнік Садыбек Тугел, прафсаюзны дзеяч Амангельды Таспіхаў, дэпутаты Данія Еспаева і Жамбыл Ахметбекаў, грамадскі дзеяч Жуматай Аліеў, прадпрымальнік Талгат Ергаліеў, віцэ-міністр сельскай гаспадаркі Талеўтай Рахімбек і палітычны і грамадскі дзеяч, журналіст Аміржан Касанаў, піша DW.COM.

Для рэгістрацыі кандыдатаў, якая завершыцца 11 траўня, ім трэба сабраць 118 140 подпісаў, а таксама падаць даведку пра стан здароўя і дэкларацыю пра прыбыткі.

Пра датэрміновыя выбары ў Казахстане было абвешчана 19 сакавіка, калі шматгадовы кіраўнік дзяржавы Нурсултан Назарбаеў сышоў у адстаўку пасля амаль 30 гадоў кіравання. У адпаведнасці з Канстытуцыяй паўнамоцтвы прэзідэнта перайшлі да старшыні сенату Касым-Жамарт Такаева. Датэрміновыя прэзідэнцкія выбары запланаваны на 9 чэрвеня.

Папярэднія прэзідэнцкія выбары ў Казахстане адбыліся ў красавіку 2015 года. Прэзідэнт рэспублікі абіраецца тэрмінам на пяць гадоў. Паводле Канстытуцыі, чарговыя выбары кіраўніка дзяржавы праводзяцца ў першую нядзелю снежня, а пазачарговыя прызначаюцца рашэннем прэзідэнта краіны і праводзяцца на працягу двух месяцаў з дня іх прызначэння.

У Казахстане сілавікі разагналі пратэсты супраць перайменавання Астаны ў Нурсултан

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары