Увечары 20 чэрвеня ўдзельнікі антырасейскай акцыі пратэсту ў Тбілісі ўварваліся ў будынак парламента Грузіі. Паліцыя спрабуе спыніць іх, паведамляе выданне «Грузия Online».
Выданне адзначае, што паліцыя не ўжывае дубінкі або іншыя спецсродкі, спрабуючы мірна выцесніць удзельнікаў акцыі (прыкладна 100 чалавек) з тэрыторыі парламента.
Раней грузінская апазіцыя дала кіроўнай партыі тэрмін у 1 гадзіну для адстаўкі трох высокапастаўленых чыноўнікаў – старшыні парламенту Іраклія Кабахідзэ, кіраўніка МУС Георгія Гахарыі і кіраўніка Службы дзяржбяспекі Вахтанга Гамелауры.
Пасля заканчэння гэтага тэрміну пратэстоўцы пайшлі на штурм будынку парламенту.
20 чэрвеня ў Тбілісі і Батумі пачаліся пратэстныя акцыі пасля таго, як у грузінскім парламенце выступіў расейскі дэпутат Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў.
Ён прамаўляў на пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя з месца, прызначанага для спікера парламенту. Яго перапынілі апазіцыйныя дэпутаты і запатрабавалі, каб расейская дэлегацыя пакінула парламент. Сябры партыі «Еўрапейская Грузія» назвалі Расею акупантам і пакінулі залу.
Патрабаванні адстаўкі топавых чыноўнікаў апазіцыянеры высунулі адразу ж пасля гэтага.
КА belsat.eu