У Горадню прыехаў 40-тысячны турыст па бязвізе – яму ўручылі падарункі


З пачатку 2018 года магчымасць наведаць Горадню і Гарадзенскі раён без візы скарысталіся больш за 40 тысячаў замежнікаў з больш чымся 50 дзяржаваў.

Юбілейным турыстам стаў 60-гадовы жыхар Вільні Ляонас Літвінавічус, які наведаў Горадню ўпершыню. Мужчына наведаў Беларусь у складзе турыстычнай групы.

Намесніца старшыні ўпраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкаму Таццяна Лідзяева паведаміла агенцтву БЕЛТА, што турысту ўручылі сувеніры. Паводле літоўца, у Горадні яго ўразілі замкі і гістарычны цэнтр гораду.

«Толькі за мінулы тыдзень магчымасцю без візы наведаць Горадню і наваколлі скарысталіся больш за 2,6 тыс. чалавек. Цяпер сезон адпачынкаў, таму актыўна едуць не толькі ў выходныя, але і ў будні. Нават у панядзелак ці аўторак горад наведваюць па 300–350 бязвізавых турыстаў», – дадала Таццяна Лідзяева.

Палова тых, хто прыязджае без візы – едуць самастойна

Найбольшая колькасць бязвізавых турыстаў, якія прыязджаюць у Горадню – грамадзяне Літвы і Польшчы. Часцей за ўсё ў рэгіён прыязджаюць падчас двухдзённых тураў. Зрэшты, ёсць і тыя, хто затрымліваецца на ўсе 10 дзён. Калі раней пераважалі групавыя турысты, то сёння амаль палова ўсіх бязвізавых гасцей падарожнічаюць індывідуальна.

Уехаць без візы ў Горадню і Гарадзенскі раён замежнікі могуць з 1 студзеня 2018 года праз аўтамабільныя пункты пропуску, вакзал або аэрапорт.

ДД

Стужка навінаў