Такая інфармацыя зʼявілася ў адной са страйкбольных суполак Горадні.
Арганізатары гульні звярнуліся да гульцоў і выбачыліся за тое, што Шчучынскі райвыканкам не дазволіў правесці штогадовую гульню, прымеркаваную да адкрыцця сезону.
«Адмова паступіла ў апошні момант, без якой-небудзь аргументацыі, нягледзячы на ўвесь пакет неабходных дакументаў, які быў своечасова аформлены і пададзены ў адпаведныя інстанцыі», – напісалі адміністратары.
Арганізатары імпрэзы звярнулі ўвагу на тое, што чыноўнікі папярэдзілі іх пра магчымасць прыцягнення да адказнасці «за арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».
У каментарах мяркуюць, што забарона на правядзенне гульні звязаная з апошнімі затрыманымі па справе «аб масавых беспарадках». Па справе «лагера баевікоў» праходзяць ужо 27 асобаў.
ДР belsat.eu