Карэспандэнтка “Новага часу” Марына Драбышэўская затрымана ў Гомлі пасля санкцыянаванага мітынгу 1 траўня. Падставы затрымання ей не патлумачылі.
Яшчэ раніцай Марына Драбышэўская паведамляла пра тое, што за яе кватэрай вялося вонкавае назіранне, аднак ёй удалося пазбегнуць затрымання.
«Мы ішлі разам пасля мітынгу, – кажа адзін з удзельнікаў акцыі Андрэй, – Марына меркавала, што яе могуць затрымаць. За кінатэатрам “Юбілейны” да нас падʼехаў міліцэйскі УАЗік, адтуль выйшлі 2 супрацоўніка. Адзін з іх прадставіўся як старэйшы лейтэнант Шуляк і запрасіў Марыну праехаць з імі».
Падставу для затрымання Драбышэўскай не патлумачылі. Зараз журналістка знаходзіцца ў Чыгуначным РАУСе.
У РАУС ужо прыехала яе маці – міліцыянты сказалі жанчыне, што Марына затрымана для “высвятлення асобы”.
Таксама пасля мітынгу затрыманы намеснік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў – нібыта для высвятлення асобы.
ІІ, belsat.eu