У Чорным моры разбіўся самалёт з музыкамі хора Аляксандрава і Доктарам Лізай


Лятак «Ту-154» Міністэрства абароны Расеі, які знік з радараў у раёне Сочы а 5 раніцы, упаў на 7 хвіліне палёту ў акваторыі Чорнага мора ў 5 кіламетрах ад берага. Паводле інфармацыі дыспетчараў аэрапорту, экіпаж не падаваў сігналаў бедства.

Вадалазы дастаюць целы з Чорнага мора. Фота РИС Новости

На борце пацярпелага лайнера, які ляцеў на сірыйскую базу Хмеймім павіншаваць ваенных з Новым годам, знаходзіліся 84 пасажыры і 8 членаў экіпажа: чальцы ваеннага аркестра імя Аляксандрава і дзевяць расейскіх журналістаў – прадстаўнікі «Першага канала», «Зоркі», здымачная група «НТВ».

Таксама ў Сірыю разам з артыстамі і журналістамі ляцелі Кіраўнік дабрачыннага фонду «Справядлівая дапамога» Лізавета Глінка, больш вядомая як Доктар Ліза, кіраўнік вайсковай паліцыі Мінабароны Расеі генерал-лейтэнант Уладзімір Іваноўскі і аўтар песні «Ветлівыя людзі»,

кіраўнік дэпартамента культуры Мінабароны Антон Губанкоў.

Доктар Ліза везла медыкаменты для шпіталя ў Латакіі.

Разам з ансамблем імя Аляксандрава ў Сірыю павінен быў ляцець Іосіф Кабзон, паведамляе pravda.ru. Аднак ён не паляцеў з-за запланаванага лячэння.

Мінабароны РФ апублікавала спісы пасажыраў.

Расейскія СМІ са спасылкамі на свае крыніцы паведамляюць, што за некалькі хвілінаў перад крушэннем Тую-154 развярнуўся на 180 градусаў. То бок, у кірунку аэрадрому. На мапе руху самалёта бачна, што пілоты спрабавалі вярнуцца.

Сярод прычынаў трагедыі разглядаюцца версіі тэхнічнай няспраўнасці і памылкі пілотаў. Цяпер вядзецца пошукава-выратавальная аперацыя, якой кіруе міністр абароны Сяргей Шайгу. У раён крушэння дадаткова накіраваныя 6 караблёў і судоў Чарнаморскага флоту, тэлекіраваныя глыбакаводныя апараты, на месцы працуюць вадалазы.

26 снежня ў Расеі абвесцілі агульнанацыянальны дзень жалобы. Людзі нясуць кветкі і знічы да будынкаў фонда Доктара Лізы і ансамбля Аляксандрава.


«Ту-154» знік з радараў праз 20 хвілін пасля ўзлёту пры выкананні планавага пералёту з аэрадрома ў Адлеры, куды прыбыў на дазапраўку з падмаскоўнага Чкалаўска. Самалёт павінен быў дазаправіцца ў Маздоку, але пілоты выбралі Адлер з-за дрэннага надвор’я.

Гэты лайнер выпусцілі ў 1983 годзе, і за час эксплуатацыі ён прайшоў тры капітальных рамонты. Апошні адбыўся ў 2014 годзе. У 2015 і 2016 гадах заявак на яго тэхабслугоўванне не было.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў