У Берліне прайшлі дзве акцыі: супраць акупацыі Крыму і ў падтрымку палітыкі РФ


У межах сусветнай кампаніі #LiberateCrimea у Берліне прайшла дэманстрацыя, прымеркаваная да пятай гадавіны акупацыі Крыму Расейскай Федэрацыяй. Каля 80 прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў сабраліся а 12:00 па мясцовым часе перад Брандэнбургскай брамай.

Удзельнікі дэманстрацыі прынеслі з сабой выявы палітычных зняволеных, намалявалі на зямлі абрысы крымскага паўвострава і больш за гадзіну расказвалі прысутным пра становішча з правамі чалавека на анексаванай тэрыторыі.

На жоўта-блакітнай расцяжцы было напісана «Стоп Пуцін, стоп вайна». Іншая расцяжка патрабавала «Пуцін, рукі прэч ад Еўропы».

Крымска-татарскі, польскі і нямецкі сцягі ў руках дэманстрантаў

Удзел у акцыі прынялі прадстаўнікі ўкраінскай, крымскататарскай, польскай, чачэнскай, рускай і іншых дыяспараў Германіі. У якасці ўдзельніцы прысутнічала спадарыня Вера Саўчанка, сястра Надзеі Саўчанкі, украінскай лётчыцы і палітыка, якая доўгі час знаходзілася ў расейскім палоне.

Перад удзельнікамі акцыі ляжаць плакаты ў падтрымку Алега Сянцова, Эміра-Усаіна
Куку і іншых палітзняволеных

За некалькі метраў ад тых, хто сабраўся на першую дэманстрацыю, адбылася контр-акцыя. На ёй каля 20 удзельнікаў выступілі ў падтрымку палітыкі Расеі.

Мішэнню для прарасейскіх пратэстуючых сталі выявы ўкраінскіх палітыкаў: Юліі Цімашэнкі, Пятра Парашэнкі і Віталя Клічко

Актыўны ўдзел у арганізацыі гэтай дэманстрацыі прымаў спадар Алег Музыка, актывіст з Украіны, вядомы сваёй прарасейскай пазіцыяй. На контр-акцыі былі паднятыя расейскі і савецкі сцягі, удзельнікі трымалі плакаты з абвінавачваннямі Украіны ў фашызме.

Плакат-карыкатура паказвае амерыканскага і ўкраінскага ваенных з жэстам нацысцкага прывітання

Расцяжка з чорнай тканіны з белымі літарамі абвяшчала «Украіна + НАТА = трэцяя сусветная вайна». На памаранчавых смеццевых баках з надпісам «Адкіды» былі ўсталяваныя фота-фігуры ўкраінскіх палітыкаў у поўны рост.

Партрэт украінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі на контр-акцыі падпісаны «Забойца, злодзей, ашуканец»

Прыкладна а 13:15 па мясцовым часе акцыя супраць акупацыі Крыму была афіцыйна аб’яўлена завершанай.

Контр-акцыю ў той жа час завяршыла сваім умяшаннем берлінская паліцыя. Аказалася, што прарасейскія актывісты пра сваю дэманстрацыю не паставілі ў вядомасць берлінскія ўлады, чым парушылі закон аб правядзенні падобных акцый у сталіцы Нямеччыны.

Алег Музыка зварочвае сцягі і расцяжкі па патрабаванні паліцыі

Жанна Кромер, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў