У Берасці зноў судзяць праціўнікаў акумулятарнага заводу


Настаўніца Людміла Карчэўская атрымала Br 1350 штрафу за «кармленне галубоў» 12 красавіка.
Фота: «Белсат»

Працэсы над удзельнікамі акцыі супраць шкоднай вытворчасці – «АйПауэр» – працягваліся на мінулым тыдні, а ў панядзелак 18 траўня адбыліся чарговыя суды.

Гэтым разам судзілі былую настаўніцу Людмілу Карчэўскую і актывіста Прафсаюзу РЭП Валерыя Фамінскага. Суддзя Ленінскага раёну Берасця Дзмітрый Куроўскі аштрафаваў Карчэўскую на 50 базавых велічыняў (Br 1350), за удзел і прамову пад час нядзельнай акцыі «кармленне галубоў» 12 красавіка. Валерый Фамінскі атрымаў штраф 30 базавых велічыняў (Br 810 рублёў).

«У іх усё ідзе па накатанай. Нават сведкі на працэсе не было, і на відэа бачна, што ніякіх прамоваў я не казала, але суддзя палічыў інакш. Кіраўніцтву Берасцейскай міліцыі не падабаецца, што я хаджу на суды падтрымаць людзей, вось таму на мяне і склалі пратакол. Але я выступала і дагэтуль выступаю супраць заводу АКБ, – заявіла ў размове з «Белсатам» Людміла Карчэўская.

Актывіст Прафсаюзу РЭП Валер Фамінскі ў суддзе Леніснкага раёну Берасця

Судзіць праціўнікаў заводу пачалі ў мінулы панядзелак, а іх агульны штраф склаў Br 16170.

«Рэпрэсіі працягваюцца, улады па-максімуме стараюцца нанесці страты ўдзельнікам пратэсту супраць акумулятарнага заводу – задушыць штрафамі, каб людзі перасталі выходзіць на плошчу і пратэставаць супраць адкрыцця гэтага прадпрыемства», – лічыць праваабаронца Раман Кісляк.

Сам Раман правёў у ІЧУ амаль тыдзень, што адбілася на ягоным здароўі.

«Пасля ізалятару адчуваю сябе не вельмі добра. У мяне вострае рэспіратарнае захворванне, – заўважае Кісляк.

Заўтра, 19 траўня, Рамана павінныя судзіць, але Кісляк праз праблемы са здароўем мае намер дамагацца пераносу працэсу. Скаргі на дрэннае самаадчуванне выказаў і экс-сукамернік Кісляка грамадскі актывіст Віталь Казак, які так сама правёў амаль тыдзень у берасцейскім ІЧУ.

«У мяне тэмпературы няма, але кашаль ёсць. У ІЧУ холадна па начах, каб сагрэцца, даводзіцца рабіць практыкаванні. Калі я там знаходзіўся, 11 траўня вельмі моцна пахаладала. Батарэі там не топяць, падвяргаюць небяспецы здароўе людзей цяпер, калі ў нас каронавірус, – сказаў у размове з «Белсатам» Віталь Казак.

Hавiны
Берасцейскі суд аштрафаваў амаль на $ 6000 праціўнікаў заводу «АйПаўэр»
2020.05.15 18:15

На мінулым тыдні Віталь атрымаў 80 базавых велічыняў штрафу (Br 2160), а 28 траўня яго будуць зноў судзіць (на Казака складзены пратакол нібыта за непадпарадкаванне міліцыі).

Сядзелыя раней у ІЧУ блогеры youtube-каналу «Народны рэпарцёр» Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін цяпер знаходзяцца ў больніцах, у абодвух выявілі каронавірус.

За «кармленне галубоў» 12 красавіка 19 траўня будуць судзіць берасцейскага актывіста Паўла Кінчака, які быў затрыманы міліцыяй 16 траўня ў пункце пропуску «Казловічы». Зараз Павел знаходзіцца ў Берасцейскім ІЧУ.

АС Belsat.eu

Стужка навінаў