Берасцейскі суд аштрафаваў амаль на $ 6000 праціўнікаў заводу «АйПаўэр»


Юрый Калько пад час пратэсту ў Берасці.
Фота: «Белсат»
Увесь тыдзень у Берасці судзілі праціўнікаў акумулятарнага заводу. З панядзелка да пятніцы прысудзілі штрафаў амаль на шэсць тысяч долараў.

У пятніцу, 15 траўня, у судзе Ленінскага раёну Берасця паўторна судзілі праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна і актывіста Юрыя Калько, якому пры затрыманні зламалі палец. Абодва атрымалі штрафы па 30 базавых велічыняў (Br 810 рублёў). Агульны штраф праціўнікаў заводу на гэтым тыдні склаў Br 14 010.

Hавiны
У Берасці праваабаронца Кісляк ідзе на выбары, а ў блогера Пятрухіна – каронавірус
2020.05.14 19:32

Улады вельмі напалоханыя

Уладзіміра Вялічкіна людзі ў цывільным схапілі ў нядзелю 10 траўня. Праваабаронца лічыць затрыманне ў такой форме выкраданнем. Апошнія шэсць дзён ён правёў в ІЧУ. І толькі 15 траўня пасля суда яго вызвалілі з рахункам – Br 2160 на карысць дзяржавы, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях.

«Наколькі ва ўладаў хапае інтэлекту, каб ацаніць сітуацыю, гэтак яны і дзейнічаюць. У іх нават няма ніякіх доказаў, што мы з Раманам Кісляком удзельнічалі ў згаданых акцыях. На ўсіх матэрыялах бачна, што мы не пратэстуем, а працуем як праваабаронцы: маніторым выкананне правоў чалавека. Тым не менш я атрымаў агулам 80 базавых штрафу, з гэтаю пастановаю не згодны, і калі спатрэбіцца – дайду ў абскарджанні да Камітэту па правах чалавека ААН, – папярэдзіў Уладзімір Вялічкін.

Спадар Вялічкін мяркуе, што хвалю рэпрэсіяў у дачыненні да праваабаронцаў і актывістаў выклікаў чынавенскі страх перад гараджанамі.

«Галоўная прычына гэтых рэпрэсіяў – не дазволіць людзям стаць удзельнікамі выбараў у якасці кандыдатаў і напалохаць грамадзянаў, каб яны не заміналі Лукашэнку пераабрацца на чарговы тэрмін. Я бачу страх дзейнай улады. Яны баяцца, што вельмі хутка ім прыйдзецца адказваць за тое, што яны нарабілі», – адзначае праваабаронца.

Праціўнікі акумулятарнага заводу не планавалі ўдзелу ў выбарах

Раман Кісляк каментуе забарону мітынгаў.
Фота: «Белсат»

Іншы праваабаронца Раман Кісляк, таксама быў затрыманы 10 траўня пасля традыцыйнай нядзельнай акцыі – «кармлення галубоў» у Берасці. Ён правёў пад арыштам пяць дзён, наперадзе Рамана чакае суд. Ісці на выбары ў якасці кандыдата Кісляка натхніла сітуацыя. Адпаведную заяву ён падаў з ізалятару. У размове з «Белсатам» Раман патлумачыў:

«Праціўнікі акумулятарнага заводу не планавалі ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах і вылучаць свайго кандыдата. Але ўлады намяшалі, зладзіўшы гэткі хапун. Каб гэта спыніць і падняць стаўкі, я зрабіў заяву аб удзеле ў выбарах. Аднак я не ведаў, што адбываецца на волі. Нашая каманда не хоча ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Калі б хацела, мы б за два дні сабралі ініцыятыўную групу.

Уладзімір Мароз у судзе. Міліцыянты забаранілі прысутным здымаць, а родным – перадаць перадачу.
Фота: «Белсат»

Праваабаронца назваў меркаваныя прычыны травеньскай хвалі рэпрэсіяў супраць руху праціўнікаў акумулятарнага заводу.

«Улады вырашалі некалькі задач: і запалохаць, і хвалю збіць, і перашкодзіць блогерам і праціўнікам заводу прыняць удзел у выбарах. Яны меркавалі, што мы вылучым кандыдата, але не ведалі, каго, таму хапалі ўсіх. І яны памыліліся. Рэпрэсіі толькі ўзмоцняць рашучасць людзей закрыць завод», – адзначае суразмоўца.

Гэтыя рэпрэсіі паказалі берасцейцам, як функцыянуюць праваахоўныя органы. Яны выкрадаюць людзей, здзекуюцца, трымаюць ізаляванымі больш за дазволены час, хлусяць у судах. На думку Кісляка, уладам не ўдасца гэткім чынам спыніць берасцейскі пратэст.

«Людзі навучыліся самаарганізоўвацца. Калі большасць лідараў пратэсту ізалявалі, іншыя асобы арганізавалі назіранне ў судах, дастаўку дапамогі сваякам, збіранне перадач. Яны паказалі высокую ступень грамадзянскай арганізацыі і волю да дасягнення мэты і перамогі», – падсумоўвае Раман Кісляк.

АС Belsat.eu

Стужка навінаў