Пасля мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу АМАП затрымаў блогераў-актывістаў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, а таксама палітыка Мікалая Статкевіча.
Напярэдадні акцыі Пятрухін і Кабанаў заклікалі берасцейцаў выйсці на плошчу на мірны сход.
14 кастрычніка на галоўнай плошчы Берасця сабралася больш за 100 чалавек. Кабанаў і Пятрухін выйшлі на акцыю з расцяжкай, на якой было напісана: «Нет заводу АКБ». Праз гадзіну пасля пачатку акцыі Пятрухіна, Кабанава ды Статкевіча затрымаў АМАП і даставіў іх у Ленінскі РАУС Берасця. Падчас затрымання людзі скандавалі «Ганьба» і «Акупанты».
Перад пачаткам акцыі быў затрыманы актывіст Зміцер Бекалюк. Некалькі чалавек выклікалі ў РАУС.
Пасля заканчэння акцыі, пратэстоўцы накіраваліся да Ленінскага РАУС, куды даставілі затрыманых блогераў і палітыкаў. Па дарозе міліцыянты затрымалі яшчэ 2 мітынгоўцаў — Віталя Казака і Уладзіміра Мароза. Затрымалі таксама Рыгора Пагарцава з «Народнай грамады» і яшчэ двух удзельнікаў акцыі, імёны якіх пакуль не вядомыя.
З 25 лютага берасцейцы выходзяць на цэнтральную плошчу гораду і пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу, які будуецца недалёка ад Берасця. Старт вытворчасці запланаваны на канец года. Там наладзяць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў.
СА, belsat.eu