У Берасці памёр актывіст Раман Рашэцкі


У Берасці памёр актывіст Раман Рашэцкі. Сёння а 9 раніцы ў яго спынілася сэрца, паведамляе карэспандэнт belsat.eu.

Нядаўна мужчына вызваліўся пасля содняў, а ўчора судовыя выканаўцы праводзілі вопіс маёмасці. У Рамана быў ня сплачаны штраф за парушэнне ПДД.

«Учора праз вопіс маёмасці заўсёды актыўны Раман быў сам на сябе не падобны – ён быў вельмі прыгнечаны», – успамінаюць сябры. Яны мяркуюць, што менавіта гэтыя перажыванні маглі справакаваць смерць мужчыны.

Раман дапамагаў затрыманым, адсочваў у судах разгляд іх справаў, дапамагаў з перадачамі, арганізоўваў транспарт для тых, хто выходзіў з ізалятараў. У мужчыны засталося чацвёра дзяцей.

«Учора вечарам я з ім размаўляў па стане здароў’я ён нічога не казаў, а сёння а 9 раніцы жонка Рамана зайшла на гаўбец і пабачыла, што ён мёртвы», – распавёў «Белсату» паплечнік Рашэцкага Андрэй Шарэнда.

Знаёмыя Рашэцкага: выпадковай гэтую смерць назваць нельга

Андрэй Шарэнда кажа, што на Рашэцкага вельмі ціснулі: ён сядзеў на соднях, яго аблажылі штрафамі, улады шукалі ўсе новыя метады ціску на Рамана.

«Выпадковай гэту смерць нельга назваць, улады пастаянна ціснулі на яго як толькі маглі, учора жа яго да дому ўламаліся судовыя выканаўцы, і апісалі ўсю маёмасць – дзіцячыя тэлефоны, тэлевізар, які глядзелі дзеці, камп’ютар, пралку, я сам з гэтым сутыкаўся – гэта вельмі моцны псіхалагічны ціск, я калі з ім размаўляў учора вечарам было чутно, што гэта цісне на яго, тым больш судовыя выканаўцы намякнулі, што ўжо заўтра гэта ўсё могуць забраць«, – кажа Андрэй Шарэнда.

Раман Рашэцкі.
Фота: Белсат

Па словах нашага суразмоўцы за апошнія месяцы свайго жыцця Раман паспеў зрабіць вельмі шмат для свабоднай і незалежнай Беларусі.

«Апошнія месяцы ён актыўна дапамагаў, тым хто сядзеў на соднях, ездзіў у іншыя гарады, каб сустрэць людзей якія выходзілі з ІЧУ, арганізаваў перадачы. За гэты некалькі месяцаў ён зрабіў каласальную працу па абароне рэпрэсаваных», – адзначае Шарэнда.

AA belsat.eu

Стужка навінаў