У Берасці абвесцілі прысуд беларусу, які ваяваў на баку ДНР


10 ліпеня Берасцейскі абласны суд абвесціў прысуд 44-гадоваму беларусу, які абвінавачваўся ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны на баку самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі, піша TUT.BY.

Мужчыну прызналі вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы і прызначылі яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. Суд таксама ўлічыў такія акалічнасці, як яўка з павіннай, актыўнае спрыянне выяўленню злачынства.

Абвінавачанага заключылі пад варту ў зале суда. Калі на ім зашпілілі кайданкі, ён спытаў суд, за што яго так сурова пакаралі.

Hавiны
У Берасці судзяць баевіка «ДНР». Імаверна, ён таксама ваяваў у Сірыі
2019.07.02 19:16

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Ваяваў пад пазыўным «Ветрык»

Абвінавачаны – жыхар Берасця Вадзім. Адукацыя сярэдняя: скончыў Ганцавіцкую дапаможную школу-інтэрнат. Да таго, як з’ехаў на Данбас, працаваў на адным з прадпрыемстваў Берасця. Раней тройчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы.

Службу ў беларускім войску абвінавачаны не праходзіў па здароўі, але гэта не перашкодзіла яму трапіць ва ўзброеныя фармаванні самаабвешчанай ДНР. На паўднёвы ўсход Украіны Вадзім прыехаў у 2015 годзе. Яго залічылі радавым у штурмавы полк марской пяхоты. Першы час займаў пасаду намесніка камандзіра баявой машыны, затым перавёўся ў гранатамётчыкі. Ваяваў пад пазыўным «Ветрык».

Вадзім прымаў удзел у баявых дзеяннях, пазней быў на лініі размежавання.

Пасля Украіны накіраваўся і ў Сірыю

У 2017 годзе Вадзім паляцеў у Сірыю. Паводле яго словаў, там ён не ваяваў, а працаваў на нафтабазе. У Сірыі абвінавачваны правёў два месяцы – з 23 кастрычніка да 21 снежня. Затым вярнуўся ў ДНР.

22 траўня 2018 года берасцейца залічылі радавым у батальён данецкай народнай міліцыі на пасаду старэйшага стрэлка. За некалькі гадоў удзелу ў ваенным канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны Вадзім двойчы быў паранены: адзін раз у руку, другі – у нагу.

У канцы 2018 гадзе ён зʼехаў у Берасце – нібыта ў адпачынак. У судзе ён патлумачыў, што вяртацца назад не збіраўся з прычыны «афіцэрскага бязмежжа» ва ўзброеных фармаваннях ДНР.

У Берасці мужчына напісаў яўку з павіннай і аднёс яе ў КДБ. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу і ўзялі пад варту. Пазней перавялі пад хатні арышт.

Hавiны
Кіраўнік Горлаўкі: Беларусь прымае дзяцей з ДНР
2019.07.07 18:59

СК belsat.eu

Стужка навінаў