У «Белсату» сканфіскавалі тэхніку. Суд над Алесем Сілічам (СТРЫМ)


У судзе Першамайскага раёну Менску прайшоў чарговы суд над супрацоўнікам«Белсату».

Гэтым разам да справы з аўтарскімі правамі на лагатып «Белсату» Баразенкі-Любянчука далучылі аператара Алеся Сіліча. Алесю пагражала канфіскацыя тэхнікі і штраф ад 30 да 50 базавых. Паводле беларускага заканадаўства, калі права парушанае, то тэхніку могуць канфіскаваць, нават калі асоба не з’яўляецца яе ўладальнікам, як у выпадку Алеся Сіліча.

Раней былі разгледжаныя два эпізоды гэтай справы, у выніку чаго суд пастанавіў сканфіскаваць тэхніку на суму каля € 20 000.

12:00 Суддзя прызнала Алеся Сіліча вінаватым у незаконным выкарыстанні таварнага знаку «Белсат» і вынесла рашэнне аштрафаваць Алеся Сіліча на 35 базавых велічыняў (857,5 рублёў), а таксама сканфіскаваць камеру, мікрафон, сістэмны блок, два ноўтбукі.

«Гэта становіцца руцінай, хадзіць па судах. Таму ўсё балюча ў гэтай сітуацыі. Буду абскарджваць. Для мяне важна хадзіць, задаваць пытанні, глядзець у вочы суддзяў, змагацца», – каментуе рашэнне суддзі Анастасіі Папко Алесь Сіліч.

10:10 Суддзя адмовіла ў адводзе.

Суддзя зачытвае пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, у якім спіс тэхнікі з таварным знакам Белсат, якой нібыта карыстаўся Алесь Сіліч. Суддзя пытае, ці Сіліч прызнае віну ў правапарушэнні. Алесь Сіліч кажа, што не.

Алесь Сіліч кажа, што не з’яляецца ўладальнікам тэхнікі.

Суддзя пытае, каму належаць офісы, у якіх аштрафавалі тэхніку, і што Алесь Сіліч там рабіў.

Пытанне задае адвакат Алеся Сіліча пра яго абавязкі журналіста-фрылансера.

«Я працую як аператар, націскаю на кнопку. Я не адсочваю лёс матэрыялаў. Можа я іх здымаў, а можа і не. Тэарэтычна файлы, якія падпісаныя маім імем, мог падпісаць хто заўгодна. Я не маю дачынення да ўстаўлення лагатыпу», – кажа Алесь Сіліч.

Суддзя пытае, як Алесь Сіліч «індывідуалізуе» свае матэрыялы і якім чынам аплачваецца праца.

Суддзя зачытвае заяву Белякова, у якой ён тлумачыць свае прэтэнзіі адносна выкарыстання таварнага знаку «Белсату».

Суддзя Папко зачытвае, якую тэхніку аштрафавалі падчас ператрусаў 31 сакавіка 2017 года. Таксама пералічыла відэафайлы, падпісаныя ягоным імем.

«Фота, на якім я ў кадры з мікрафонам з эмблемаю «Белсат» зробленыя выключна за мяжою. У Беларусі ў кадры, тым больш з эмблемаю »Белсат«, не з’яўляўся. Калі матэрыял рабіўся за тэрыторыяй РБ, гэта не парушэнне», – кажа Алесь Сіліч.

Адвакатка Алеся Сіліча кажа, што фізічная асоба не можа аказваць паслугу сувязі.

«Тэхніка знаходзілася ў свабодным доступе, таму змяніць імя на матэрыяле не цяжка», – рэзюмуе яна.

Суддзя сышла прымаць рашэнне, якое агучыць а 12:00.

09:15 Суддзя, якая прыме рашэнне па справе Алеся Сіліча – Анастасія Папко. Яна раней судзіла журналістаў Баразенку і Любенчука.

«Можа патрэбныя грошы… Але на выхадзе ўсё адно гэта канвеер», – кажа Алесь Сіліч перад паседжаннем.

Бізнесоўца Андрэй Белякоў не з’явіўся на суд. Уласнік фірмы «БЕЛСАТплюс» ад 2013 года намагаецца забараніць нашаму тэлеканалу выкарыстоўваць таварны знак «Белсат ТВ» («Belsat TV»).

Алесь Сіліч прадставіў падставы, каб адвесці суддзю. Працяг паседжання а 10:00.

***

31 сакавіка 2017 года на офісах «Белсату» адбыліся ператрусы і як вынік – арышт апаратуры. Была арыштаваная і апаратура Аляксандра Баразенкі, які на той момант знаходзіўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў пасля стрыму на Дзень Волі. Фармальнаю прычынаю ператрусаў і канфіскацыяў стала нібыта незаконнае выкарыстанне «Белсатам» таварнага знаку.

За 2017 год журналістам«Белсату» прысудзілі штрафаў прыкладна на $ 25 000. За першы месяц гэтага году ўжо адбылося 7 судовых паседжанняў па справах за незаконны выраб і распаўсюд СМІ. Журналісты атрымалі штрафы на 276 базавых велічыняў. З сённяшнім штрафам для Алеся Сіліча – 311 базавых велічыняў.

belsat.eu

Стужка навінаў