«На маю тэхніку наклеілі налепкі «Белсат» і забралі»


Алеся Любянчука вязуць у Першамайскі РУУС.

Тэлеаператар Аляксандр Любянчук абскардзіў пратакол, які міліцыянты склалі на яго за нібыта лаянку ды распавёў, як ладзілі ператрус у адным з офісаў «Белсату» ў Менску. Афіцыйна працэдура называлася «аглядам памяшкання».

Камера «GoPro», фотаапарат, відэакамера, мікрафон – гэтую тэхніку міліцыянты адабралі ў Аляксандра Любенчука у пятніцу. Тэлеаператара, які мае афіцыйную акрэдытацыю ад МЗС Беларусі, міліцыянты забралі ў Першамайскі РАУС дзеля дачы тлумачэнняў у якасці сведкі па адміністрацыйнай справе.

Як высветлілася, фармальнаю прычынаю для выняцця белсатаўскай тэхнікі сталася заява грамадзяніна Белякова наконт парушэння аўтарскіх правоў, звязаных з брэндам «Белсат». Акрамя асабістай тэхнікі Любенчука, з офісу вынеслі ўсе камп’ютары.

Аляксандр Любянчук, які афіцыйна супрацоўнічае з польскім тэлебачаннем TVP, сёння накіраваўся ў РАУС, каб вярнуць уласную тэхніку, якую супрацоўнікі міліцыі адабралі падчас “агляду памяшкання”.

Пасля ператрусу. Офіс “Белсату” ў Менску

«Яшчэ да пачатку афіцыйнай працэдуры агляду мяне трымалі ў пакоі, дзе не было ніякага абсталявання. У той жа час некалькі іншых міліцыянтаў пайшлі ў іншыя пакоі, нягледзячы на маё патрабаванне знаходзіцца ўсім разам да прыходу панятых.

Што яны там рабілі, я не бачыў, але калі прыйшлі панятыя і распачалася афіцыйная працэдура агляду памяшкання, я заўважыў, што на ўсёй тэхніцы, што знаходзілася ў іншых пакоях, у тым ліку, і на маёй уласнай, што была ў заплечніку, з’явіліся налепкі з лагатыпам «Белсат»», – гаворыць Аляксандр Любянчук.

Усю тэхніку забралі на экспертызу.

Уласную тэхніку аператару пакуль што вярнуць не ўдалася. У РАУСе яму сказалі, што аператыўны парцаўнік, які вядзе справу «Белсату», адсутнічае, бо выехаў па працоўных справах.

«Цяпер будзем чакаць, калі патэлефануе оперупаўнаважаны АБЭЗ Першамайскага раёну Падрэз. Калі бліжэйшымі днямі не дачакаюся, буду рэгістраваць афіцыйную паперу з копіямі дакументаў, якія пацвярджаюць тое, што тэхніка мая ўласная», – распавёў Любянчук.

Чарговы аператар лаяўся і махаў рукамі?

Пасля “агляду памяшкання” Аляксандра Любенчука некалькі гадзінаў трымалі ў пастарунку. А пазней распачалі адміністрацыйную справу за нібыта лаянку.

«Пасля дачы тлумачэнняў прыйшоў супрацоўнік РАУСу ў форме, які не прадставіўся і сказаў, што на мяне складаецца адміністрацыйны пратакол за правапарушэнне па 17.1 КААП РБ. Нібыта я лаяўся, а ў ягоным рапарце напісана, што я не рэагаваў на ягоныя заўвагі, – гаворыць Любянчук. – У скарзе я адзначыў, што пры складанні пратаколу былі парушаныя працэсуальныя нормы. Пратакол быў складзены па надуманай падставе, таму я прашу спыніць вытворчасць па справе».

Цяпер за кратамі паводле абвінавачвання па такім жа артыкуле знаходзіцца наш калега тэлеаператар Аляксандр Баразенка.

У судзе ён прадставіў відэа, якое зафіксавала ягоная камера падчас затрымання, на якім выразна чуваць, што Баразенка гаворыць міліцыянтам, што ён журналіст. Аднак яго ўсё роўна арыштавалі, а ў судзе сведка-амапавец заявіў, што чуў, як Аляксандр Баразенка. Суддзя Таццяна Мотыль у сваім рашэнні не ўзяла пад увагу доказы невінаватасці журналіста.

ВД / МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары