Сайт журналісцкіх расследаванняў Bellingcat ведае сапраўдную асобу аднаго з падазраваных у нападзе на былога расейскага шпіёна Сяргея Скрыпаля.
Пра гэта ў «Тўітары» паведаміў даследчык Bellingсat па пытаннях Усходняй Еўропы і Еўразіі Арык Толер. Журналіст дадаў, што гэтую інфармацыю яны апублікуюць у наступны аўторак, 9 кастрычніка.
Улады Вялікай Брытаніі заяўляюць, што за атручваннем былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля нервова-паралітычным рэчывам «Навічок» увесну стаяць расейскія спецслужбы.
У нападзе брытанская паліцыя падазрае двух расейцаў з імёнамі «Руслан Башыраў» і «Аляксандр Пятроў». Брытанцы лічаць іх расейскімі выведнікамі.
Даследчая група Bellingcat і расейскае выданне The Insider падчас супольнага расследавання выявілі, што «Руслан Башыраў» – псеўданім палкоўніка ГРУ Расеі Анатоля Чапігі. Ягоную асобу пацвердзілі таксама крыніцы BBC.
Расея зняпраўджвае гэтую інфармацыю.
ДД