Праваахоўнікі зладзілі вобшук у кватэры дырэктара недзяржаўнага «Інстытуту матэматыкі і кібернетыкі» Паўла Букі.
Сёлета ў сакавіку стала вядома, што на «групу грамадзянаў Беларусі», сябраў прыватнай установы адукацыі, зноў заведзеная крымінальная справа.
«На нашыя адкрытыя лекцыі прыходзілі людзі, якія нідзе не вучыліся або вучыліся ў іншых універсітэтах. У будучыні мы сапраўды хацелі адкрыць універсітэт», – распавёў Belsat.eu Павел Бука.
Цягам апошніх тыдняў праваахоўнікі выклікалі на допыт некалькі выкладчыкаў, а таксама навучэнцаў Інстытуту. Следчыя органы спрабуюць даказаць, што Павел Бука і ягоныя калегі адкрылі ўніверсітэт. Іх абвінавачваюць у працы без лiцэнзii.
Лектары, якія ладзяць навучанне беларускіх студэнтаў, не згодныя з абвiнавачваннямi ды сцвярджаюць, што маладыя людзі легальна атрымліваюць адукацыю, а яны легальна выкладаюць. Навучанне ў «Інстытуце матэматыкі і кібернетыкі» праходзіць на беларускай мове.
Паводле Паўла Букі, Камітэт дзяжкантролю прызнаў дзейнасць ягонай установы законнай у 2017 i ў 2018 годзе.
«Яны мяняюць свае паказаннi ужо чацвёрты цi пяты раз. З мінулага года, калi ў Камiтэта ўзнiклi да нас пытанні, праводзілася доўгая праверка – пры тым, што яна ўвогуле не можа праводзiцца больш трох месяцаў. За гэты час да нас даслалі не менш трох лiстоў, у якiх даводзілася: «Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмовіць праз адсутнасць у дзейнасці складу злачынства», – сказаў Павел Бука у сакавіку 2018 года ў размове з журналістамі dev.by.
Курс праграмавання ў «Інстытуце матэматыкі і кібернетыкі» выкладаюць 8 лектараў, у тытул ліку і з БДУ.
Летась «Белсат» паведамляў пра вобшук у прыватнай установе адукацыі. Тады былі канфіскаваныя дакументы, носьбіты інфармацыі.
«Самае смешнае, што тады яны канфіскавалі ў якасці крыніцы інфармацыі праектар», – распавёў у размове з Belsat.eu дырэктар «Інстытуту матэматыкі і кібернетыкі».
ЮВ, belsat.eu