У Беларусі зноў падаражэла паліва


З 5 студзеня кошт паліва на аўтазаправачных станцыях Беларусі павялічваецца на адну капейку. «Белнафтахім» прысвяціў новаму павышэнню цэнаў вялікі прэс-рэліз, дзе тлумачыцца, што гэты крок зʼяўляецца неабходнасцю.

Кошт бензіну ад 5 студзеня АІ-92-К5-Еўра складзе 1,65 руб., АІ-95-К5-Еўра – 1,75 руб., АІ-98-К5-Еўра – 1,97 руб., ДТ – 1,75 руб. У «Белнафтахіме» кажуць, што павышэнне цэнаў на АЗС адбываецца «ў мэтах забеспячэння стабільнай працы беларускай нафтаперапрацоўчай галіны».

У канцэрне нагадваюць, што ва ўмовах расейскага падатковага манеўру «карэктаванне цэнаў на маторнае паліва неабходна для падтрымання эфектыўнай працы айчынных заводаў». У «Белнафтахіме» адзначаюць, што ў папярэднія гады «кошты на паліва на ўнутраным рынку стрымліваліся, у выніку чаго НПЗ былі вымушаныя нарасціць крэдытную запазычанасць, пагоршыўшы фінансавы стан». Толькі ў 2018 годзе было распачата выраўноўванне коштаў на ўнутраным рынку, што «паступова дазволіла НПЗ выйсці на эфектыўную працу».

Нагадаем, у 2019 годзе кошты на паліва павышаліся 28 разоў – у кожным выпадку на 1 капейку.

У прэс-рэлізе падкрэсліваецца, што стратэгія цэнаўтварэння, якой прытрымліваецца канцэрн, забяспечвае баланс інтарэсаў вытворцаў і спажыўцоў. У «Белнафтахіме» адзначаюць, што за 2019 год кошты на маторнае паліва ў Беларусі ў сярэднім былі павялічаныя на 13 %, у той час як сусветная каціроўка нафты за названы перыяд вырасла на 17 %.

«У студзені 2020 года каціроўкі нафты працягваюць павялічвацца, дасягаючы ў асобныя перыяды 68 долараў ЗША. Пры цяперашнім узроўні сусветнай каціроўкі толькі ў выніку негатыўнага ўплыву падатковага манеўру кошт нафты для беларускіх НПЗ у адносінах да папярэдняга году вырасце больш чым на 20 долараў ЗША на 1 тону, што складае 5% да ўзроўню цэны 2019 года», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Hавiны
За год кошт нафты для беларускіх НПЗ вырас на 34 %
2019.12.20 11:27

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў