Міністэрства адукацыі Беларусі бачыць рэзервы для змяншэння нагрузкі на школьнікаў. Пра гэта 5 лютага заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка на паседжанні калегіі ведамства.
Паводле міністра, скарачэнне нагрузкі на вучняў не павінна зменшыць якасць адукацыі, піша БелТА.
Зніжацца нагрузка будзе за кошт магчымага сумяшчэння выпускных экзаменаў з ЦТ, напрыклад, па адной з моваў, беларускай або расейскай, і па матэматыцы. Таксама выпускны іспыт па замежнай мове можа здавацца ў вуснай форме, заявіў Карпенка.
На самім ЦТ Мінадукацыі разглядае магчымасць адмены ніжніх парогавых значэнняў адзнак.
Акрамя таго будзе адкарэктаваная праграма па інфарматыцы, бо «большасць сучасных дзяцей прыходзіць у школу, ужо валодаючы першаснымі навыкамі абыходжання з гаджэтамі».
Разам з тым восьмыя-адзінаццатыя класы змогуць вучыць інфарматыку на базавым і павышаным узроўні. У тым ліку можа быць уведзенае вывучэнне некалькіх моў праграмавання.
Што датычыць настаўнікаў, то Міністэрства адукацыі распрацавала Этычны кодэкс педагога. Дакумент у бліжэйшы час будзе апублікаваны ў «Настаўніцкай газеце» для абмеркавання.
Таксама будзе перагледжаная роля школьных псіхолагаў, якія зараз «на другіх ролях», заявіў Карпенка.
МГ belsat.eu