На партале рэйтынгавай ацэнкі можна будзе ацаніць працу дзяржаўных арганізацыяў, якія аказваюць паслугі жыхарам Беларусі. Адпаведнае палажэнне зацверджана пастановай Савету міністраў ад 13 лістапада № 765, паведамляе pravo.by.
Партал ствараецца, каб «павысіць эфектыўнасць працы з грамадзянамі, якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, адкрытасці дзяржаўных органаў, дэбюракратызацыі дзейнасці дзяржорганаў і арганізацыяў».
Доступ да парталу будзе свабодным і бясплатным, а пакінуць ацэнку дзейнасці той ці іншай арганізацыі змогуць як грамадзяне Беларусі, так і замежнікі. Таксама на партале можна будзе пакідаць каментары.
Уладальнікам парталу рэйтынгавай ацэнкі будзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, а функцыю адміністравання будзе выконваць навукова-інжынернае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут прыкладных праграмных сістэмаў».
ЮВ belsat.eu