Яшчэ 3 інфікаваныя каронавірусам. У Беларусі ўжо 12 выпадкаў заражэння


Яшчэ тры жыхара Беларусі маюць дыягназ COVID-2019, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Тэсты на наяўнасць каронавіруса далі станоўчы вынік у трох асобаў з Менску, Гомля і Горадні.

Адзін з іх быў выяўлены падчас кантролю ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» – беларускі грамадзянін вяртаўся з Партугаліі. Яшчэ адзін выпадак заражэння быў зафіксаваны на захадзе краіны. 62-гадовая жанчына прыбыла з Італіі ў Горадню з панядзелку на аўторак. У аўторак яна звярнулася да лекараў і была дастаўленая ў абласную інфекцыйную больніцу.

Удакладняючая дыягностыка на дадзены момант праводзіцца ў дачыненні пацыента, які прыбыў з Нямеччыны і пры гэтым схаваў факт свайго знаходжання раней у Паўночнай Італіі.

Hавiны
У еўрапейскіх краінах праз каронавірус зачыняюць школы і ВНУ
2020.03.11 06:59

Раней паведамлялася пра 9 пацверджаных выпадкаў інфікавання каронавірусам у Менску і Віцебску. Такім чынам, цяпер агульная колькасць заражаных у Беларусі дасягнула 12 чалавек.

На гэтым тыдні трох пацыентаў выпішуць са стацыянару праз адмоўны вынік тэсту. У тым ліку, паправіўся першы інфікаваны – студэнт з Ірану.

Стан ва ўсіх захварэлых на дадзены момант здавальняючы, тэмпература ў іх нармальная і скаргаў фактычна няма. Каронавірус у Беларусі пакуль працякае ў лёгкай форме.

КА belsat.eu

Стужка навінаў