Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра чацвёртага пацыента з каронавірусам.
«Сёння яшчэ адзін з тэстаў, якія былі выкананыя грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які ізаляваны для арганізацыі медычнага назірання ў сувязі з цесным кантактам з адным з інфікаваных каронавірусам пацыентаў, выявіў РНК каронавіруса», – гаворыцца ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя.
Такім чынам пацверджана 4 выпадкі інфікавання. Яшчэ 2 тэсты пацыентаў, якія адносяцца да кантакту 1-га ўзроўню папярэдне дэманструюць пазітыўныя вынікі, паведамляе прэс-служба міністэрства.
«Улічваючы, што першапачаткова тэсты былі адмоўныя, можна зрабіць выснову, што пацыенты былі ізаляваныя яшчэ да таго моманту, калі вірус пачаў вылучацца з арганізма, што выключыла магчымасць далейшай перадачы інфекцыі ад іх», – адзначае міністэрства.
Усе пацыенты «адчуваюць сябе здавальняюча, уключаючы пацыентаў з пацверджанай наяўнасцю каронавіруса».
3 сакавіка Telegram-канал «Минск сейчас» апублікаваў фота медыкаў у спецвопратцы, якія заносяць герметычную капсулу ў будынак менскай Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай больніцы. Фотаздымкі зробленыя з акна больніцы. Аўтары фота выказваюць здагадкі, што гэта 4-ы пацыент з каронавірусам.
27 лютага стала вядома пра першы пацверджаны выпадак захворвання каронавірусам у Беларусі. Ён быў знойдзены ў іранскага студэнта, які прыляцеў з Баку 22 лютага.
Міністэрства аховы здароўя папярэджвае, што аналізы на каронавірус будуць браць толькі ў тых, хто меў працяглы кантакт з інфікаваным. Усе астатнія могуць праверыцца на наяўнасць заражэння толькі «па паказаннях і накіраванню ўрача».
У свеце медыкі зарэгістравалі 90 936 інфікаваных. Вірус унёс жыцці 3 117 чалавек. 47 995 чалавек ачунялі і выпісаныя са шпіталяў.
Упершыню каронавірус новага тыпу выявілі 12 снежня 2019 года ў горадзе Ўу-Хань (правінцыя Хубэй у Кітаі).
ЮВ/ІР belsat.eu