У Беларусі падаражэе праезд чыгункай


Тарыфы на пасажырскія перавозкі ў цягніках рэгіянальных і міжрэгіянальных лініяў з 1 красавіка 2018 году павялічацца на 24% і 32% адпаведна. Пра гэта паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Тарыфы на перавозкі пасажыраў у цягніках агульнага карыстання на гарадскіх лініях павялічаныя з 20 сакавіка да наміналу, зручнага для аплаты (на 2-6%). Прасцей кажучы, акруглілі.

Напрыклад, тарыф на праезд на гарадскіх лініях па адным напрамку вырасце з 0,88 да 0,9 рубля (у межах аднаго тарыфнага пояса). За такую цану можна будзе дабрацца з Менску да станцый Фаніпаль, Гарадзішча, Беларусь, ад Брэста — да Жабінкі, піша tut.by.

Пры гэтым тарыф на перавозкі пасажыраў у межах двух тарыфных паясоў па адным напрамку з 20 сакавіка вырас з 1,04 рубля да 1,1 рубля.

Тарыф на перавозкі пасажыраў у межах двух тарыфных паясоў па двух напрамках з 20 сакавіка паднялі з 1,76 да 1,8 рубля, а тарыф на перавозкі пасажыраў у межах трох тарыфных паясоў па адным напрамку — з 2,5 да 2,6 рубля.

Тарыфы на рэгіянальных лініях бізнес-класа таксама вырастуць ад 1 красавіка. Квіток у агульным вагоне (сядзячым) цягніку на адлегласць ад 1 да 10 кіламетраў падаражэе з 1,84 да 2,43 рубля, у плацкартным вагоне ў гэтым жа цягніку на такую ж адлегласць — з 2,98 да 3,94 рубля.

Папярэдні раз тарыфы павышаліся ў 2015 годзе.

Паводле ведамства, цяпер насельніцтва кампенсуе не больш за 20% ад агульных затрат на пасажырскія перавозкі чыгункай.

Бюджэтнае субсідаванне на гэтыя паслугі не ажыццяўляецца. Рашэнне аб пераглядзе тарыфаў прынятае ў мэтах паэтапнага павышэння ўзроўню акупнасці перавозак пасажыраў і якасці паслуг па перавозцы, адзначаецца ў паведамленні Міністэрства.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў