У беларуса здарыўся інсульт у Італіі. «Белдзяржстрах» адмаўляецца яго эвакуяваць


Іван Зянковіч працуе кіроўцам-дальнабойнікам. Інсульт здарыўся з мужчынам 24 траўня. Паводле правілаў страхавога полісу, ён можа атрымаць пільнае лекаванне ў Беларусі.

Працадаўца беларуса адразу выслаў неабходныя паперы ў «Белдзяржстрах», але кампанія адмаўляецца яго эвакуяваць.

Ужо больш за тыдзень мужчына ляжыць у шпіталі гораду Тольмэцца, пытанне з транспартаваннем дасюль не развязанае.

Дачка Івана Аліна Зянковіч распавяла belsat.eu, што ейны бацька цяпер не можа гаварыць і пісаць, не распазнае знакаў. У мужчыны арытмія сэрца, якая можа выклікаць сэрцавы спохап. Для ягонага пералёту патрэбная асоба для суправаджэння.

«Спачатку «Белдзяржстрах» запатрабаваў копіі ўсіх старонак пашпарту, каб праверыць, ці ён не быў за мяжою больш як 180 дзён. Пашпарт быў у бацькі, а бацька быў у паўсвядомым стане. У выніку яны нічога не зрабілі. Я сама паляцела да яго 25 траўня, каб выслаць патрэбныя дакументы. Але яны не дамовіліся з доктарам і шпіталем, бо не размаўляюць па-італьянску».

Пагадзіліся на эвакуацыю, пасля адмовілі

Дзяўчына кажа, што страхавая кампанія нічога для іх не зрабіла, апроч пагрозаў у аплаце толькі аказання неадкладнай дапамогі. У падтрыманні Аліне заявілі, што ўсе іншыя выдаткі шпіталізацыі павінная будзе пакрыць сям’я.

Транспартабельным Іван Зянковіч стаў 31 траўня. Тады ж доктар даслаў у «Белдзяржстрах» медычны рапарт з дыягназам, а таксама план эвакуацыі.

«У пятніцу 31 траўня а 19:40 яны прынялі рашэнне пра медычную эвакуацыю, аплату квіткоў толькі за бацьку. То бок,«Белдзяржстрах» прапанаваў, каб ён сам прыляцеў у Беларусь. Апроч таго, яны прапаноўвалі самалёт, які вылятаў 1 чэрвеня а сёмай раніцы. Гэта значыць, каб паспець на гэты самалёт, трэба было пакінуць клініку а 2 ночы.

А з 20 да 2 ночы ў больніцы проста няма персаналу, з якім можна развязаць усе гэтыя пытанні. Тым больш, ён не можа выйсці са шпіталю без суправаджэння. Невырашальная сітуацыя», – распавядае Аліна Зянковіч.

Сёння 3 чэрвеня дзяўчыне паведамілі, што «Белдзяржстрах» адмаўляе ў эвакуацыі. Аліна адзначае, што ўжо некалькі разоў дасылала ім неабходныя паперы.

«Яны ж мне кажуць, што іхны персанал змяняецца, і яны нічога не ведаюць, таму нічога не могуць зрабіць. Але гэта немагчыма! Пакуль нас са шпіталю не выганяюць. Але колькі можна аказваць неадкладную дапамогу? Доктар, які займаецца бацькам, здзіўляецца, што такое ўвогуле магчыма. У ягонай практыцы такога выпадку яшчэ не было».

Белдзяржстрах» недасяжны для каментароў. Гендырэктар і намеснікі дырэктара кампаніі не адказваюць на тэлефанаванні.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў