У бабруйскім касцёле маліліся за Рамана Бандарэнку. Побач дзяжурыла міліцыя


У касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску сёння прайшлі дзве паніхіды па забітым Рамане Бандарэнка. Раніцай – па ініцыятыве ксяндза, а на вечар Святую Імшу па Рамане замовілі вернікі. На службу прыйшло каля ста чалавек розных канфесіяў.

Ксёндз Канстанцін Карака падзякаваў прыхаджанам за салідарнасць і зазначыў, што ў касцёле незвычайна шматлюдна для службы ў працоўны дзень.

«Мы сёння сабраліся, каб выказаць сваю жалобу, каб разам памаліцца за спачылага Рамана Бандарэнку, – звярнуўся святар да вернікаў на пачатку Імшы. – Хтосьці канчае сваё жыццё, споўніўшы ўсе свае замеры, у кагосьці сыход з жыцця трагічны. Часам нам здаецца, што хтосьці сышоў, яшчэ шмат не зрабіўшы. Але гэта можам за іх дарабіць мы».

Святар выказаў спадзяванне, што трагічная смерць Рамана Бандарэнкі будзе нагадваць беларусам пра годнасць і недатыкальнасць чалавечага жыцця.

«Няхай памяць пра Рамана заўсёды трывае ў нашых сэрцах, – казаў ксёндз Канстанцін. – Прыміце Божае добраслаўленне, і з ім адважна крочце ў заўтрашні лепшы дзень».

У Бабруйску ўшаноўваюць памяць Рамана Бандарэнка.

Яшчэ да пачатку службы да касцёла прыехала міліцэйская «Ніва». З’ехалі міліцыянты толькі пасля таго, як пасля імшы ўсе разышліся.

Жыхары Бабруйску ўвесь дзень 13 лістапада неслі знічы і кветкі ў памяць аб Рамане Бандарэнка да помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

НА belsat.eu

Стужка навінаў