«Ты дурніца». Як чэмпіёнку Беларусі па кікбоксінгу і муай-тай затрымалі і судзілі за кветку Тарайкоўскаму

Фельчарку брыгады хуткай дапамогі, сусветную прызёрку ды чэмпіёнку Беларусі па кікбоксінгу і муай-тай Насту Калашнікаву аштрафавалі за кветку Аляксандру Тарайкоўскаму.

Фельчарка брыгады хуткай дапамогі Наста Калашнікава. Крыніца: asjamahno / instagram

У нядзелю, 17 студзеня, а 16:00 Наста Калашнікава вярталася дадому пасля сустрэчы з сяброўкаю. На станцыі метро «Пушкінская», ад якой яна хацела прайсціся пешкі, яе засмуцілі раскіданыя і растаптаныя кветкі на месцы народнага мемарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму. Не адрываючыся ад тэлефоннай размовы з мамай, яна набыла ў пераходзе кветку і паклала побач з пераходам. Насту затрымалі.

«Іх тут шмат, а я адна»

«Я паклала кветку, падняла галаву і пабачыла дзяўчыну, якая, уважліва за мною назіраючы, схапілася за тэлефон. Я адразу зразумела, што нешта не тое», – згадвае падзеі перад сваім затрыманнем Наста Калашнікава.

Наста Калашнікава. Крыніца: asjamahno / instagram

Дзяўчына пабачыла бус, які вывернуў са стаянкі і паехаў у ейны бок. Наста рушыла іншаю дарогаю. Таемная дзяўчына пайшла за ёю, прычым гэтак, каб ейнага твару не было відаць.

«Мне ўдалося завярнуць, каб з буса мяне ўжо не было відаць. Але калі павярнулася, дзяўчына была за маёй спінай. Я навяла тэлефон на яе, хаця ён быў выключаны, я не фатаграфавала. Яна ж пачала сыходзіць і хавацца ў капюшон курткі, нешта казаць праз тэлефон. У гэты ж момант, верагодна, бус і паехаў. Бо я дайшла да прыпынку, і тут жа з дзікім віскам тармазоў бус спыніўся, адтуль выскачылі і забралі мяне», – распавядае Наста.

Хто і за што схапіў ды ці затрыманне гэта, дзяўчыне не тлумачылі. Але і не чапалі. Як яна мяркуе, нічога асабліва ёй не маглі зрабіць, бо працавалі нагрудныя відэафіксатары.

Адзін з сілавікоў завёў размову пра «сваіх герояў». Калі Наста сказала, што не разумее яго, атрымала ў свой адрас абразу: «Ты дурніца».

Наста Калашнікава. Крыніца: asjamahno / instagram

«Я паловы не разумела, што ён мне казаў: пра нейкіх герояў, якія кагосьці расчлянілі, кагосьці спалілі. Пра нейкага маньяка з Берасця, які памёр, і цяпер ён для яго герой. Я падумала, што раз ён пачынае злавацца, калі я задаю пытанні, мне проста трэба ківаць галавою. Бо іх тут шмат, а я адна. Таму ўсю дарогу да РУУС я ківала галавою», – кажа дзяўчына.

«Яшчэ не падпісала пратаколу, а з мяне ўжо пазрывалі шнуркі»

Неўзабаве Насту даставілі ў Фрунзенскі РУУС Менску, дзе нават не сталі складаць пратаколу. Але яна адразу зразумела, што паедзе на Акрэсціна, бо ў кабінеце, куды яе завялі, тут жа сталі здымаць шнуркі і забіраць рэчы.

«Ніхто нічога не тлумачыў, за што затрыманая, што да чаго. Я яшчэ не падпісала пратаколу, а з мяне ўжо пазрывалі ўсе шнуркі», – зазначае Наста.

Гэтак жа хутка дзяўчыну павінны былі перавезці ў ізалятар. Аднак не знайшлося вольных канваіраў, таму да вечара яна была ў РУУС. Хаця родным казалі, што ўсіх затрыманых даўно этапавалі на Акрэсціна.

Бой Насты Калашнікавай. Крыніца: asjamahno / instagram

Ставяцца як да злачынцаў

У ізалятары правапарушальнікаў Насту і яшчэ трох затрыманых размясцілі ў камеры на пяць месцаў. Перад самым падʼёмам падсялілі яшчэ дзвюх дзеўчын. Але гэта нават нічога, прызнаецца гераіня, бо спаць па адным было невыносна ад холаду. Да таго ж нікому з іх не выдалі матрацаў.

Паела Наста толькі аднойчы – сняданак, на які давалі кашу і хлеб. На абед дзяўчына не трапіла праз судовае паседжанне.

«Стаўленне як да злачынцаў. Яны лічаць, што мы павінны ведаць, як сябе паводзіць. Іх жудасна раздражняла, што мы не падымаемся, калі нехта заходзіць у камеру. Яны не маглі вызначыцца, як нам стаяць ля сцяны – з рукамі за спінаю ці з рукамі на сцяне. Таму нам шторазу за гэта даставалася, бо адзін крычыць «Рукі на сцяну!», другі – «Вы што, дуры?! Рукі за спіну!». Мы не разумелі, што нам рабіць. А ў іх усё на крыках, усё груба. Улічваючы, што яны між сабою так размаўляюць, то гэта, хутчэй, прафесійная дэфармацыя, чымся нянавісць канкрэтна да нас», – мяркуе Наста.

Прыходзіў да дзяўчат у камеру начальнік Цэнтру ізаляцыі, з якой нагоды – ніхто з затрыманых не зразумеў. Як зазначае Наста, ён шмат абражаў, называў «змагарамі і дурнымі». І нават сыпнуў пагрозамі адной ейнай сукамерніцы за тое, што тая адрэагавала ўсмешкаю на ягоныя словы.

Наста Калашнікава. Крыніца: asjamahno / instagram

«Ніхто не зразумеў, што ён намагаўся данесці да нас, бо вельмі складана фармуляваў свае думкі. І была дылема: ці то ў яго праблемы з гаворкаю, ці то ў нас – з разуменнем. У нейкі момант я падумала, што не разумею ніводнага ягонага пытання, бо не выспалася. Але пасля высветлілася, што ўсе былі ў такім жа неўразуменні, – распавядае дзяўчына.

– Затым ён сказаў, што калі б мы са сцягамі па горадзе бегалі, то дараваў бы гэта. А раз «кветкі вылюдку» носім, то будзем сядзець».

«Відавочна, зоркаю БТ мне не стаць»

Прыязджалі на Акрэсціна, як мяркуе Наста, з нейкага прэс-цэнтру: відавочна, дзеля відэа, якія пасля круцяць у БТ. Затрыманых па чарзе заводзілі ў пакой і садзілі насупраць улучанай відэакамеры.

«Там сядзеў чалавек. Ва ўтапічных фільмах ёсць забаўныя персанажы: з блажэннымі вачыма, нацягнутай усмешкай і ў вельмі прыгожым касцюме. Мы смярдзім бамжамі, з бруднымі галовамі, а ён кажа: «Вітаю! Паразмаўляем з вамі, пагутарым па-сяброўску». Глядзела на яго і думала, што ішла на трэці паверх у тапках 49-га памеру, спатыкалася — за што на мяне крычалі, пры гэтым з рукамі за спінай і апушчанаю галавою… Прыемная будзе ў нас сяброўская гутарка», – апісвае сустрэчу дзяўчына.

Чалавека з камераю цікавілі акалічнасці затрымання і ці разумее Наста, што парушае закон. Дзяўчына адказала, што не разумее, які артыкул закону магла парушыць тым, што паклала кветку на снег. Гэта здзіўляла ды абурала сілавікоў, падкрэслівае яна, бо кожны з іх пытаў, ці ведала дзяўчына Тарайкоўскага асабіста.

Наста Калашнікава на працы. Крыніца: asjamahno / instagram

«Іх гэта шчыра абурала, яны не разумелі, як можна несці кветкі чалавеку, якога не ведаеш. Яшчэ прыводзіліся нейкія дзіўныя прыклады. Маўляў, кветкі да дарогі носяць загінулым у ДТЗ дзецям. На гэта знайшлася адказаць толькі тое, што на «Пушкінскай» не паміралі дзеці, таму кветак ім не нашу, ды, напэўна, і не буду, бо за гэта ж могуць затрымаць. Гэта ж, выходзіць, парушэнне закону. Мой адказ не спадабаўся. Са мною вельмі хутка развіталіся. Відавочна, зоркаю БТ мне не стаць», – разважае Наста.

«Увесь час мяне ўпэўнівалі, што я парушыла закон»

Судовы працэс над Настаю Калашнікавай пачаўся на наступны дзень пасля абеду. Дзяўчына ўзрадавалася адвакату, у ейнай сітуацыі ён адыграў вызначальную ролю. Праўда, сам-насам іх не пакінулі: у час, адведзены на знаёмства са справай і выпрацоўванне стратэгіі абароны, з ёй у пакоі былі працаўнікі ізалятару.

«Па суддзі было бачна, што яна зусім не зацікаўленая ў маёй справе, падаецца, нават не слухала мяне, перапытвала адно і тое ж некалькі разоў. На той момант я неяк не здагадалася спытаць ні яе, ні ахоўнікаў, але… Цягам майго затрымання ўвесь час мяне ўпэўнівалі, што я парушыла закон. Цалкам імаверна, я не адмаўляю, што ведаю не ўсе законы. Аднак калі я сваймі дзеяннямі – набыццём кветкі і ўскладаннем яе на снег – парушыла закон, то навошта сведка хлусіць? Дзеля чаго сведка, каб мяне абвінаваціць, казаў, што я паказвала нейкія знакі салідарнасці, але не ўдакладніў, якія менавіта? Што я ўсяляк прыцягвала ўвагу кіроўцаў, правакавала і гэтак далей. Навошта?» – разважае Наста.

Не зважаючы на супярэчнасці ў пратаколе, з цяперашняй практыкі прысудаў дзяўчына маральна рыхтавалася да арышту на содні. Аднак адвакат здолеў разваліць абвінавачанне на хібах і парушэннях у пратаколе, а таксама адсутнасці доказаў правапарушэння.

Наста Калашнікава. Крыніца: asjamahno / instagram

«Я так разумею, што яны павінны былі даказаць, што гэта быў сапраўды пікет, што сваймі дзеяннямі я чагосьці хацела дамагчыся. Я ж сказала проста, як гэта было: я выказала смутак па загінулым чалавеку. Дзіўна рабіць гэта нейкім палітычным актам.

Да таго ж быў незразумелы сведка, які ў двух капюшонах, масцы ды шаліку здолеў апазнаць мяне па фота ў пашпарце. Але самае галоўнае, як мне сказаў адвакат, – мой пратакол быў пусты, у ім не значылася, што я рабіла, толькі артыкул і фармулёўкаю, нібыта я была з кветкаю, брала ўдзел у пікеце, а якім чынам, што рабіла – не», – тлумачыць Наста.

Дзяўчына атрымала 870 рублёў штрафу паводле артыкулу 23.34. Такое пакаранне здзівіла не толькі яе, але і работнікаў ізалятару.

25 содняў за шалік

У чаканні этапавання з РУУС на Акрэсціна Наста Калашнікава пазнаёмілася з Палінаю Лойкаю, фельчаркай іншай падстанцыі хуткай дапамогі. Яе разам з сяброўкаю затрымалі там жа, ля станцыі метро «Пушкінская», калі вярталіся дадому і нават не спыняліся ля народнага мемарыялу.

Паліна Лойка. Крыніца: euroradio / telegram

Прычынаў затрымання не тлумачылі. Як ужо пасля пачалі здагадвацца ў ізалятары дзяўчаты, імаверна, увагу сілавікоў прывабіў шалік Паліны – чырвоны ў белыя квадраты.

«Яна і падумаць не магла пра такое, казала, што гэты шалік ёй звязалі вельмі даўно», – кажа Наста.

Прысуд 25 содняў адміністратыўнага арышту атрымаўся ў Паліны сумарна паводле двух пратаколаў – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаванне міліцыянтам. Як сцвярджае Наста, ніхто нават не хаваў, што паўторна затрыманым прызначаць 25 дзён зняволення.

«Добра, што Паліна была са змены, як я разумею. Бо з сабою мела шкарпэткі, майткі і зубную шчотку. Толькі пасты не было. Калі яна зразумела, што рэчы на Акрэсціна ўзяць з сабою не дадуць, то наўпрост у бусе пачала іх нацягваць на сябе. Ну, вядома, майткі ёй не далі надзець, але шкарпэткі здолела. Дазволілі ўзяць пракладкі. Таму хоць нейкі гігіенічны набор у яе атрымаўся», – распавядае дзяўчына.

Акцыя салідарнасці. Крыніца: bymedsol / instagram

У цэлым усе затрыманыя ў той дзень намагаліся трымацца бадзёра і з гумарам ставіцца да сітуацыі, падтрымліваць адна адну:

«З намі была жанчына, якая ўвесь час перажывала, што ейная дачка застанецца без абутку. Яе затрымалі па дарозе на кірмаш, яна проста спынілася паглядзець. Усё разважала, што як дадуць штраф, то з чаго набыць боты. Але міліцыянты запэўнілі, што яе адпусцяць, а як стала зразумела, што падманулі – так шчыра расстроілася. Менавіта праз хлусню. А яны з яе смяяліся. Пасля жанчына згадала, што пад курткай у яе кофта з плямай, а на Акрэсціна трэба распранацца. Дык так няёмка ёй было.

А мы жартавалі з сябе. Маўляў, паглядзіце, як я падрыхтавалася: у белым спартовым касцюме, і бялізна ніжняя колерамі супадае, хоць не сорамна будзе распрануцца. Гэта неяк весяліла: у такой сітуацыі без жартаў, напэўна, ніяк».

Наста Калашнікава. Крыніца: asjamahno / instagram

 

Хрысціна Чарняўская, Belsat.eu

Hавiны