19 красавіка Аляксандр Лукашэнка звернецца са штогадовым пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу.
Сёлета прэс-служба Палаты прадстаўнікоў не акрэдытавала шэраг незалежных медыяў, сярод якіх TUT.BY, «Euroradio», БелаПАН, Радыё «Свабода». Журналісты напісалі пра гэта ў «Facebook’у».
Зміцер Лукашук у каментары belsat.eu сказаў, што не агаломшаны такім рашэннем.
«Калі падаешся на акрэдытацыю на мерапрыемства з удзелам кіраўніка краіны, заўсёды ў журналістаў незалежных медыяў ёсць чаканне, што могуць адмовіць. Усе прадстаўнікі дзяржаўных медыяў стромкія і хударлявыя. Нават у невялічкім памяшканні месца ім дастаткова.
А прадстаўнікі незалежных медыяў – тоўстыя, ім заўсёды не стае. Гэта не ўпершыню. А на фота з папярэдніх сустрэчаў бачна: месца столькі, што можна яшчэ два разы па столькіх журналістаў запусціць. Мала зразумела, навошта ім столькі журналістаў рэгіянальных медыяў. А, можа, іх і запрасілі, каб нам месца не хапіла», – жартуе журналіст.
Ён зазначае, што нельга казаць, што ў прэс-службе асцерагаліся нязручных пытанняў, бо фармат гэтага мерапрыемства не прадугледжвае іх увогуле.
«Адзінае, што публічна не транслююць пытанні дэпутатаў да кіраўніка краіны і адказы на іх. Раней пасля сканчэння публічнай трансляцыі ў прэс-цэнтр транслявалася непублічная частка, мы мелі магчымасць чуць і даваць у свае медыі. Што не заўсёды падабалася прадстаўнікам прэзідэнцкай прэс-службы».
Belsat.eu звязаўся з прэс-службай Палаты прадстаўнікоў, каб распытаць, чаму журналістам незалежных СМІ «не хапіла месца».
«Мы акрэдытавалі раней рэгіянальныя выданні, іх было шмат. Там і недзяржаўныя ёсць. Не тое, што яны [TUT.BY, «Euroradio», БелаПАН], – занадта позна звярнуліся, але пакуль што вось так. Шмат каму месца не хапіла. Не толькі ім. У нас невялікі прэс-цэнтр, каля 50 месцаў усяго», – адказалі belsat.eu у прэс-цэнтры Палаты прадстаўнікоў.
ДР belsat.eu