Турфірмы, рэстарацыі, спа-салоны: як каронавірус паўплываў на беларускі бізнес


Праз сітуацыю з каронавірусам беларускія турыстычныя фірмы вымушаныя скасоўваць туры ў Кітай. Пра гэта іх прадстаўнікі заявілі ў размове з карэспандэнтам «Белсату».

Для турыстычных фірмаў, якія працуюць з кітайскім кірункам і якія, паводле абвестак, з дня на дзень планавалі накіроўваць новыя групы ў КНР, сітуацыя радыкальна змянілася.

«На гэты момант туры не прапануем. Мы іх прыпынілі. Попыт турыстаў не тое, што значна ўпаў, яго проста няма», – заявілі ў студыі турызму «Саната».

Аналагічная сітуацыя ў турыстычнай кампаніі «Кола падарожжаў».

Hавiны
У Кітаі ад каронавірусу памерлі 908 асобаў
2020.02.10 06:52

«Зараз ужо няма рэйсаў. Таму не браніруем людзей. Няма нават прапановаў», – адзначылі ў турфірме.

А вось туры ў іншыя азіяцкія краіны, у тым ліку ў суседнія, як напрыклад В’етнам, па-ранейшаму карыстаюцца папулярнасцю ў беларусаў.

У кампаніі «Туртранс», якая не так актыўна працуе з азіяцкім кірункам, заяўляюць, што сёлета ўвогуле не мелі жадаючых наведаць КНР.

Каронавірус ніяк не паўплываў

А вось менскія рэстараны кітайскай кухні, разнастайныя спа-салоны ды медычныя цэнтры падзення наведвальнасці амаль не заўважылі.

Аб’ектыў
Эпідэмія каронавіруса запавольваецца?
2020.02.09 20:59

У рэстаране «Шанхай» адзначаюць, што сітуацыя з каронавірусам на наведвальнасць не паўплывала ніяк. Пра адсутнасць уплыву захворвання заяўляюць і ў рэстарацыі «Chinatown» – хоць прызнаюць, што наведнікаў стала трошкі менш. Але звязваюць гэта больш з навагоднімі вакацыямі.

«Наведнікі яшчэ не ўсе вярнуліся, а каронавірус ніяк не паўплываў», – падкрэслілі ў рэстарацыі.

Кітайскі рэстаран у Менску.
Фота: МГ / belsat.eu

Праўда, з улікам таго, што вакацыі кітайскім студэнтам працягнулі з прычыны каронавірусу, ускосна ўплыў заўважыць можна.

У рэстаране «Янцзы» суразмоўца адзначыла, што колькасць наведнікаў калі і зменшылася, то нязначна. Моцнага падзення наведваемасці тут не заўважылі.

Не назіраюць нейкіх зменаў і ў азіяцкіх спа-салонах у Менску. Гэтак, у «Белым Лотасе», які спецыялізуецца на тайскіх спа-працэдурах заяўляюць, што «агулам нічога не змянілася, усё добра», і падкрэсліваюць, што да Кітаю ніякага дачынення не маюць.

Спа-салон «Белы Лотас».
Фота: МГ / belsat.eu

У Менскай абласной клінічнай больніцы, дзе дзейнічае Цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны, таксама заяўляюць, што каронавірус на працу ўстановы не ўплывае.

«У нас не працуюць людзі з Кітаю. Яны прыязджалі на тры тыдні ў студзені. Зараз працуюць беларусы, якія навучаліся ды праходзілі стажыраванне ў Кітаі летась», – заявілі ў больніцы.

Між тым лагер «Брыганціна» пад Радашковічамі 7 лютага прыняў на рэабілітацыю першую групу кітайскіх студэнтаў, паведаміла «Белсату» прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. У бліжэйшы час там чакаюць новыя групы навучэнцаў з КНР.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў