Эпідэмія каронавіруса запавольваецца?


Каронавірус забраў жыцці 813 асобаў у свеце. Гэта ўжо амаль на чатыры дзясяткі больш, чым памерла ад эпідэміі атыповай пнеўманіі SARS у 2003-м. У той жа час, улады Кітаю канстатуюць зніжэнне колькасці НОВЫХ выпадкаў заражэння хваробаю на 40 адсоткаў, за выключэннем пакуль правінцыі Ху-Бэй. Падрабязней – Кірыл Смяглікаў.

У правінцыі Ху-Бэй, у эпіцэнтры эпідэміі, паводле афіцыйных звестак памерлі 780 асобаў. Агулам жа вядома пра 813 смерцяў, дзве з якіх за межамі кантынентальнага Кітаю. Ахвярамі сталі 39-гадовы жыхар Гон-Конґу і адзін грамадзянін КНР на Філіпінах. Агульная колькасць інфікаваных каронавірусам па ўсім свеце перавышае 37 тыс. Больш за 6 тыс з іх – у цяжкім стане. Паводле кітайскіх уладаў, больш за дзве з паловаю тысячы асобаў вылечыліся. Яшчэ 29 тыс. застаюцца ў лякарнях з падазрэннем на каронавірус.

Hавiны
Колькасць загінулых ад каронавірусу перавысіла 800 чалавек
2020.02.09 08:39

«Як пацыент я адчуваю ўдзячнасць нашай нацыі. За тое, што мы можам супрацоўнічаць і змагацца з хваробай. Нашае выздараўленне – добры знак для ўсіх людзей, якія дапамагалі нам, у тым ліку будаўнікам. Я спадзяюся, што буду ў адной з першых групаў хворых, якіх выпісалі з гэтага шпіталю», – кажа вылекаваны пацыент Ўвнь Чунь Хўэй.

Шпіталь Хо-Шэнь-Шань пабудавалі за рэкордныя 10 дзён, але там не стае медыкаментаў. Таксама есць перабоі з забеспячэннем харчамі. Апрача гэтага ў сеціве з’яўляюцца ананімныя відэа, на якіх людзей прымусова вывозяць… меркавана ў каранціны і шпіталі з інфікаванымі.

Новы вірус 2019-nCovЭ быў упершыню выяўлены ў горадзе Ўу-Хань летась у сярэдзіне снежня, цяпер там абвешчаны каранцін з жорсткімі абмежаваннямі для жыхароў.

«Зразумела, што Кітай робіць вялікія намаганні, каб спыніць хваробу і пазбегчы яе распаўсюду. І я лічу, што гэтыя намаганні выдатныя. Кітайцы самі прызнаюць, што ёсць некаторыя перашкоды і некаторыя праблемы, якія трэба развязаць, але ў той жа час мы абавязаныя праз Сусветную арганізацыю здароўя падтрымліваць таксама ўсе краіны, а менавіта афрыканскія, каб не даць хваробе распаўсюджвацца ў іншыя краіны свету», – зазначыў Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш.

Захворванне, якое выклікае цяжкую пнеўманію, ужо было зарэгістраванае таксама ў ЗША, Францыі, Аўстраліі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Тайландзе, Непале, Сінгапуры ды іншых краінах. У Расеі выявілі два выпадкі каронавіруса ў лёгкай форме.

Hавiны
Лік смерцяў ад каронавіруса перавысіў смяротнасць ад атыповай пнеўманіі
2020.02.09 17:25

«На шчасце, падобна, што гэта не такі вірус-забойца, як вам, магчыма, падаецца, чытаючы нейкія навіны. Часам яны гучаць як самая страшная з найгоршых хваробаў за ўвесь час. Але гэтага, безумоўна, няма. Я заўсёды нагадваю людзям, што сезонны грып, які прыходзіць кожны год толькі ў Паўднёвую Афрыку, забівае 10 тысяч асобаў», – кажа вірусолаг з універсітэту Стэленбосу (ПАР) Вольфганг Прэйсэр.

Паводле кіраўніка Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдраса Адханама, яшчэ рана казаць пра тое, што хвароба дасягнула свайго піку, бо часта такія эпідэміі запавольваюцца, перш чым успыхнуць з новай сілай.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»