«Цяпер уначы тут страшна, ціха, няма людзей». Як выглядае беларуска-польская мяжа падчас эпідэміі


Міжнародны пункт пропуску Берасце («Варшаўскі мост»).
Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

Больш за два месяцы таму ўсе суседзі Беларусі закрылі свае межы, «Белсат» пабываў на адным з самых папулярных памежных пераходаў паміж Польшчай і Беларуссю.

Праз міжнародны памежны пункт пропуску «Берасце» кожны дзень сотнямі ішлі машыны і аўтобусы ў абодва бакі. Субота была асаблівым днём – на «Варшаўцы», як яе называюць у народзе, было носа не ўбіць. Дзясяткі аўтобусаў на шоп-туры, сотні турыстаў на «закупы» і працу ў Польшчу, нелегальныя перавозчыкі паліва і цыгарэтаў – як беларусы, гэтак і палякі. На іх усіх выдатна працавала памежная інфраструктура – крамы, кавярні, банкі, цыгарэтныя шапікі.

Побач з пунктам пропуску ні машын, ні людзей.
Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

15 сакавіка, у дзень, калі праз каронавірус Польшча закрыла мяжу, тут здарылася сапраўдная трагедыя, у адно імгненне жыццё пераходу спынілася.

– Цішыня – вельмі страшна, ноччу тут няма амаль нікога, цяпер хоць птушкі спяваюць, але калі мяжу закрылі, была мёртвая цішыня, наагул мала народу рухаецца. Крамы тут усе зачыненыя, банк зачынены. Калі закрылі мяжу, зменшылася колькасць людзей, колькасць страхавых полісаў. Валюта практычна цалкам знікла ў нас, толькі па ўнутраныя віды страхавання людзі прыязджаюць з гораду па старой звычцы, памятаюць нас яшчэ, што мы цэлыя содні працуем. Спадзяемся, што ўсё гэта скончыцца хутка, – кажа ў размове з «Белсатам» Надзея, працаўніца «Белдзяржстраху».

Працаўніца «Белдзяржстраху» Надзея.
Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

Зачыніўся банк, кавярні, крамы і нават прыбіральня, а аўтамат са снэкамі стаіць пусты. За паўтары гадзіны знаходжання ля мяжы ў бок Польшчы праехалі два аўтамабілі, адзін з польскімі нумарамі, адзін з беларускімі. З боку Польшчы заехаў аўтобус, у якім быў толькі кіроўца. Тытунёвыя шапікі да пандэміі раней працавалі 24 гадзіны, цяпер некаторыя зачыніліся, а некаторыя перайшлі на графік працы з 9 да 21.

– Пасля закрыцця межаў мы зачыніліся, адкрыліся праз два тыдні, але няма продажаў і практычна няма людзей, – кажа прадавачка ў мясцовай «Табакерцы».

Раней тут віравала жыццё, цяпер усё зачынена.
Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»
Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

На гэтым тыдні, пасля паслаблення захадаў каранціну ў Польшчы, у бок Варшавы могуць выязджаць студэнты. 22 траўня з Берасцейскага вакзалу выправіўся першы пасля доўгага перапынку рэгулярны рэйс Берасце – Бяла-Падляска.

Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

Алесь Ляўчук, фота Мілана Харытонава belsat.eu

Стужка навінаў