«Складана знайсці асобу такога маштабу». Фільм пра памерлага мастака Анджэя Струмілу


Фільм «Summa», які Андрэй Куціла зняў пра Анджэя Струмілу

У Сувалках, што ў паўночна-ўсходняй Польшчы, памёр польскі мастак з беларускімі каранямі, прафесар Анджэй Струміла. Пра гэта паведаміла «Радыё Свабода».

Анджэю Струмілу было 93 гады. Ён быў шпіталізаваны, але лекары не змаглі яго выратаваць.

Струміла нарадзіўся 23 кастрычніка 1928 году ў Вільні. Дзяцінства правёў у Свянцянах над Жэймянай, у Вільні і Лідзе, юнацкі перыяд – на наваградскай зямлі. Скончыў мастацкую вучэльню ў Лодзі і Акадэмію выяўленчых мастацтваў у Кракаве.

У творчай біяграфіі мастака больш за сто індывідуальных выставаў у Токіа і Берліне, Маскве і Пекіне, Нью-Ёрку і Брэмене. Неаднаразова яго выставы праходзілі і ў Беларусі. Падчас сустрэчы са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2017 годзе ён падкрэсліў, што з’яўляецца «грамадзянінам ВКЛ» і лічыць Беларусь сваёй Бацькаўшчынай.

Беларускі рэжысёр Андрэй Куціла пры ўдзеле «Белсату» зняў пра Анджэя Струмілу фільм «Summa». Гэта першая беларуская стужка, узнагароджаная галоўным прызам IDFA – кінафестывалю ў Амстэрдаме(Award for Best Mid-Length Documentary), які паводле прэстыжу прынята лічыць Канамі дакументальнага кіно.

«Ён не проста быў выбітным мастаком, скульптарам, але выклікаў захапленне, як асоба. У яго была вельмі моцная энергетыка. Наагул цяпер складана знайсці асобу такога маштабу, якая б столькі зрабіла і пабудавала настолькі гарманічнае асяроддзе вакол сябе», – адзначыў у каментары belsat.eu Андрэй Куціла.

Куціла кажа, што праца над фільмам працягвалася пяць гадоў і знаёмства з Анджэем Струмілам стала часткай ягонага жыцця.

«У фільме мне хацелася паказаць не творчасць, а ягонае развітанне і прымірэнне з вымушанасцю сыходу. У нас была задача зразумець, што адчувае чалавек на схіле жыцця. І мы адчувалі ў яго гэтае прыняцце непазбежнасці сыходу. Ён да сыходу сапраўды рыхтаваўся. У апошнія гады ён шмат пра гэта пісаў у сваіх вершах», – адзначае рэжысёр.

Паводле Куцілы, Струміла да апошняга займаўся творчасцю і гэта было вельмі важна для мастака.

«Калі б ён злёг на некалькі гадоў ці месяцаў, то гэта было б для яго пэўнай драмай. А так ён да апошняга атрымліваў радасць ад жыцця праз сваю творчасць», – кажа ён.

Паводле Куцілы, карціны, якія Струміла пісаў у апошнія гады жыцця, ён не прадаваў у прыватныя калекцыі, а «пакідаў для вечнасці». «Грошы для яго ўжо нічога не значылі. Ён мэтанакіравана працаваў над тым, каб карціны пайшлі да музеяў і былі паказаныя людзям», – распавядае рэжысёр.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў