ЦВК стварыў пазабюджэтны фонд для фінансавання выбараў


Цэнтрвыбаркам Беларусі стварыў пазабюджэтны фонд для дадатковага фінансавання выдаткаў на падрыхтоўку і правядзенне прэзідэнцкіх выбараў, паведамляецца на сайце ўстановы.

Фонд быў створаны ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, ён будзе фармавацца за кошт добраахвотных адлічэнняў арганізацыяў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзянаў Беларусі.

«Забараняецца ўносіць грашовыя сродкі ў пазабюджэтны фонд бюджэтным арганізацыям, замежным дзяржавам і арганізацыям, міжнародным арганізацыям, замежным грамадзянам, асобам без грамадзянства, арганізацыям, заснавальнікамі (удзельнікамі, уласнікамі маёмасці) якіх зʼяўляюцца замежныя дзяржавы, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства», – удакладніў ЦВК.

Сярод выдаткаў, якія можна будзе пакрыць за кошт фонду – выраб дадатковага накладу інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў, агітацыйных матэрыялаў, плакатаў з датай выбараў і інш.

ЦВК таксама апублікаваў рэквізіты для юрыдычных і фізічных асобаў, якія жадаюць унесці сродкі на рахунак фонду.

КА belsat.eu

Стужка навінаў