ЦВК: каб зрабіць сэлфі на выбарчым участку, трэба атрымаць дазвол


Кандыдат у дэпутаты Ілля Дабратвор папрасіў Цэнтральную выбарчую камісію растлумачыць ці можна рабіць сэлфі на выбарчым участку.

«Пытанні адносна таго, ці мае права выбарца на ўчастку для галасавання фатаграфаваць сябе, членаў сваёй сям’і, а таксама выдадзены яму бюлетэнь выбарчым заканадаўствам не ўрэгуляваныя, але па метадычных дапаможніках ЦВК забеспячэнне парадку ў памяшканні для галасавання ўскладзенае на старшыню ўчастковай камісіі, а яго распараджэнні, аддадзеныя ў межах кампетэнцыі, абавязковыя для выканання ўсімі прысутнымі ў памяшканні. Таму ў падобных сітуацыях здымка магчымая толькі з папярэдняга дазволу старшыні ўчастковай камісіі», – гаворыцца ў адказе ЦВК.

Фота: pyx.by

Нагадаем, што падчас леташніх мясцовых выбараў Дабратвор хацеў зрабіць фота з дачкой на выбарчым участку, але старшыня камісіі забараніла яму гэта зрабіць.

Падчас тых жа выбараў Мікіту Семяненку, які балатаваўся ў Менску па 34-й Кунцаўшчынскай акрузе, выгналі з падліку галасоў. Фармальнай падставаю стала сэлфі.

Дарэчы, у сваім адказе ЦВК спаслалася на міжнародную практыку забароны на фота і відэаздымкі ў памяшкання для галасавання. У якасці прыкладу ЦВК прыгадала адпаведнае заканадаўства Літвы, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Канады ды Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Падобныя забароны дзейнічаюць і ва Украіне. Падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў дзейсны кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі праігнараваў такую забарону і быў аштрафаваны.

Нагадаем, што 17 лістапада ў Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў