Ціханоўская: «Калі ўлада сыдзе, будзе не Майдан, будзе свята»


Святлана Ціханоўская ў другі раз выступіла на БТ.

Напачатку выступу Святлана Ціханоўская зазначыла, што гэта ейны толькі другі выступ на тэлебачанні. Напэўна, улада баіцца, што я вам спадабаюся.

Святлана Ціханоўская. Скрыншот з трансляцыі

«Я не палітык. Мой муж хацеў балатавацца, і таму ён у труме. А я хачу аднавіць справядлівасць», – падкрэсліла кандыдатка.

Яна аддзячыла ўсіх, хто прыйшоў да яе на пікеты.

«Дзякуй ім за гэта. Дзякуй вам за гэта».

Яна паабяцала, што аб’яднаны штаб працягне ездзіць па гарадах і размаўляць з людзьмі.

Святлана Ціханоўская распавяла, што год таму ейны муж Сяргей Ціханоўскі стварыў «Краіну для жыцця», які шчыра распавядаў пра жыццё простых беларусаў.

«Цяпер Сяргей у турме, а я на ягоным месцы – размаўляю з простымі беларусамі, якія хочуць іншага жыцця», – падкрэслівае Святлана.

Яна кажа, што ейная місія – ажыццявіць прагненні простага народу. Лукашэнка 26 гадоў пры ўладзе, бо не хоча сыходзіць. Ён маніпулюе, палохае, прыдумляе не існыя страшылкі.

Улады палохаюць людзей

Святлана кажа, што ў абʼяднаным штабе звычайныя беларусы самых розных прафесіяў. Супраць іх – галоўнакамандуючы, які палохае зброяй.

«Мы запрашаем на выбары, а ён палохае майданам», – кажа Святлана.

Яна параўнала Лукашэнку з гвалтаўніком, якога выганяюць, а ён не хоча сыходзіць.

«Калі ўлада сыдзе не будзе Майдана, будзе свята».

Яна падкрэсліла, што незалежнасць і суверэнітэт найбольшая каштоўнасць. Толькі дзейная ўлада гандлюе суверэнітэтам.

«Калі ўлада сыдзе мы не згубім незалежнасць, а знойдзем свабоду».

Яна падкрэсліла, што штаб ведае, як зрабіць беларусаў багацейшымі. Палохаюць, што эканоміка разваліцца, а заводы прададуць і звольняць працоўных. Але гэта ўжо адбылося пры дзейнай уладзе.

«Сярод беларусаў шмат добрых спецыялістаў, якія ведаюць, як зрабіць, каб працавалі заводы, а прафесія працоўнага – паважанай. Калі ўлада сыдзе, гэтыя прадпрыемствы спыняцца цягнуць эканоміку на дно».

Яна кажа, што дзейная ўлада не ўмее кіраваць дзяржаваю нармальна. У Беларусі няма апазіцыі, ёсць шмат разумных людзей, якіх не пускаюць да ўлады.

«Улада перабірае сена і кавуны, пакуль палову грошай у бюджэце даюць прыватныя кампаніі».

Голас скрасці немагчыма

Ціханоўскага кажа, што сёлетнія выбары не будуць сумленнымі: найбольш моцныя кандыдаты зʼехалі з краіны або за кратамі. Таму галоўны пункт ейнай праграмы – новыя сумленныя выбары.

«Мы стварылі моцную каманду для таго, каб прывесці Беларусь да свабоднага і шчаслівага жыцця. Я ўпэўненая, што гэтага хоча большасць. Таму разлічваю на вашае падтрыманне».

Яна заклікала абʼяднацца, не галасаваць датэрмінова, абавязкова прыйсці на ўчасткі галасаваць 9 жніўня за Святлану Ціханоўскую, насіць белую стужку – сімвал тых, хто нязгодны з уладаю. Таксама запрасіла наведаць свае пікеты, далучыцца да платформы «Голас».

Святлана Ціханоўская
Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

«Улада мусіць зразумець, што нас большасць і немагчыма скрасці наш голас»

Пасля відавочных вынікаў выбар народа мусяць паважаць усе, або нам прыйдзецца абараняць нашыя галасы.

Яна паабяцала захаваць стабільнасць, і правесці новыя выбары цягам паўгода.

Краіна для жыцця

Святлана распавяла, у якой краіне яна хоча жыць.

«Я іду па вуліцах свайго малога гораду, ён прыўкрасны, жыхары самі выбіраюць уладу, выказваюць меркаванне. Няма патрэбы ехаць у гарады больш буйныя. Жыць у сваёй малой радзіме прыемна і ўтульна. Добрыя крамы, своечасовая медычная дапамога», – кажа Святлана Ціханоўская.

У Беларусі будучыні моладзь не мае размеркаванне, не існуе прапаганды, няма падатку на дармаедства, маладыя людзі не хочуць зʼязджаць за мяжу. У бюджэтнікаў добрыя заробкі. Няма БРСМ – замест іх шмат розныя арганізацыяў, дзе не трэба капаць бульбу. Няма рэпрэсіяў, добрая сельская гаспадарка. Людзям не хлусяць.

«У гэтай краіне мы ніколі не жылі, мы можам згубіць яе назаўсёды. Давайце не дапусцім гэтага. Нас большасць. Прыходзьце на выбары 9 жніўня. Галасуйце за мяне. Я просты чалавек, простая беларуска. Толькі разам мы здолеем пабудаваць краіну для жыцця», — так яна скончыла выступ.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў