Ці суды над пратэстоўцамі паўплываюць на дачыненні Беларусі з Еўразвязам?


Шэнгенскія візы будуць таннейшымі ўжо сёлета, а пры якіх умовах магчымы поўны бязвіз паміж Беларуссю ды Еўразвязам? Што ў бліжэйшы год нас чакае на лініі Менск – Брусэль? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Андрэям Казакевічам, дырэктарам Інстытуту «Палітычная сфера».

Беларусы цешацца з таннейшага «шэнгену», але дыпламаты глядзяць далей. Якімі могуць быць наступныя крокі дзеля пацяплення стасункаў паміж Менскам і Бруселем?

Найбольш істотна – далей рыхтаваць Пагадненне аб супрацы паміж ЕЗ і Беларуссю. Цяпер паміж бакамі дзейнічае дамова 1989 года, якая падпісвалася яшчэ з СССР. Вельмі важна абнавіць гэту дамову і ўвогуле нарматыўную базу ў стасунках, хаця мала хто верыць, што гэта адбудзецца хутка. Урэшце застаецца асноўная перашкода: пазіцыя Літвы, якая апошнія гады блакавала паглыбленне супрацы паміж ЕЗ і Беларуссю.

Ці можа нешта змяніцца ў сітуацыі? Ці можа Беларусь зрабіць нейкія крокі, каб усё ж дамовіцца з Літвой? Бо падпісанне Прыярытэтаў партнёрства вельмі істотнае для нас.

Так, але залежыць ад таго, які можа быць кампраміс. Пазіцыя Літвы апошнія гады палягала на тым, што Беларусь мусіць адмовіцца ад увядзення ў эксплуатацыю БелАЭС. Але гэта не прымальна, бо ў праект укладзеныя вялікія інвестыцыі. Па-другое, пазіцыя Літвы ўсё ж не мае нарматыўных падставаў. Будаўніцтва не парушае міжнароднага права ці нейкіх абавязкаў Беларусі. Таму я думаю, што Беларусь гатовая да нейкіх кампрамісаў, але пакуль няясна, у чым можа быць гэты кампраміс, бо пазіцыя Літвы – нягнуткая. Пэўна, выхад з сітуацыі палягае на тым, каб іншыя краіны ЕЗ паўплывалі на Літву і на тое, каб яна зрабіла сваю пазіцыю не настолькі жорсткай.

Калі вярнуцца да Прыярытэтаў партнёрства: што гэта насамрэч такое і што падпісанне гэтых дакументаў можа змяніць у беларуска-еўрапейскіх дачыненнях?

Дэталі могуць быць розныя, для таго і вядуцца перамовы паміж бакамі. Могуць абмяркоўваць розныя ўмовы ўвядзення гэтых дамоваў, але перш за ўсё гэта пашырэнне супрацы і на ўзроўні гандлю, і на ўзроўні ўдзелу Беларусі ў розных праграмах: ад навуковых да пытанняў аховы навакольнага асяроддзя. Гэта вельмі шырокі спектр, які дазваляе вывесці стасункі на іншы ўзровень.

Гэта было б добра. Як мы бачым, падпісанне Прыярытэтаў партнёрства – даволі доўгая перспектыва ў нашых дачыненнях, але мы назіралі такое супадзенне падзеяў на мінулым тыдні: калі ў Менску ішлі суды над удзельнікамі мітынгаў за абарону незалежнасці Беларусі, Макей з еўрапейскімі чыноўнікамі падпісвалі Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму. Ці тое, што адбываецца ў Менску, нейкім чынам паўплывае на адносіны, ці кіне цень на стасункі з Бруселем?

Думаю, што ў найгоршым для уладаў Беларусі выпадку яны будуць ствараць не зусім спрыяльны фон, але істотна не паўплываюць на двухбаковыя стасункі. Ёсць больш-менш вызначаны калідор, у якім стасункі могуць развівацца адносна дынамічна і без нейкіх сур’ёзных абмежаванняў. Гэты калідор, ці чырвоная лінія, – гэта ўжыванне адкрытага гвалту ў дачыненні актывістаў грамадзянскай супольнасці, палітычных апанентаў. Калі гэтага не будзе, калі ціск будзе адбывацца ў такім фармаце, як апошнія гады (мы можам згадаць практыку не толькі гэтых гадоў і не толькі ў звязку з пратэстамі супраць інтэграцыі, але і іншыя масавыя акцыі), то думаю, што гэта істотна не паўплывае на перспектывы двухбаковых стасункаў. Гэта цяпер вынесенае за скобкі.

ВІДЭА
Еўрадэпутат Робэрт Бедрань: Расея зайшла задалёка з Беларуссю
2019.12.30 07:28

Пры якіх умовах магчымае ўвядзенне поўнага бязвізу для беларусаў у Еўразвяз? Прыкладна так, як з Украінай?

Гэта магчымае на стадыі значна больш шчыльнай супрацы, калі казаць абстрактна. Па-першае, для такога рэжыму краіна мусіць быць блізкая палітычна для ЕЗ. Для краінаў постсавецкай прасторы перш за ўсё гэта азначае наяўнасць дэмакратычных інстытутаў і ўвогуле прызнанне краіны як дзяржавы з дэмакратычным ладам, з пэўнай гарантыяй правоў чалавека, павінны быць выкананыя пэўныя нарматыўныя базы: падпісанне той самай Дамовы аб асацыяцыі ці нейкай іншай дамовы пра паглыбленую супрацу і партнёрства. Гэта магчыма.

Але калі казаць пра гэта ў вельмі далёкай перспектыве, існуе перашкода, звязаная з палітычным ладам у Беларусі. Я не думаю, што можна нават гіпатэтычна разглядаць падпісанне такой дамовы ў сітуацыі, калі не будзе істотных палітычных зменаў унутры краіны. Натуральна, што гэта толькі адна з перашкодаў. Ёсць вялікія пытанні, звязаныя з усходняю мяжою Беларусі, прысутнасцю ў розных структурах еўразійскай інтэграцыі. Усё гэта яшчэ больш ускладняе перавод адносінаў на вышэйшы ўзровень.

Фота на прэв’ю: Rymakov Vadim/TASS/Forum

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 10.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў