Еўрадэпутат Робэрт Бедрань: Расея зайшла задалёка з Беларуссю


Саюзная дзяржава не прынесла дабрабыту Беларусі, лічыць Робэрт Бедрань, старшыня дэлегацыі ў справах нашай краіны ў новым складзе Еўрапейскага парламенту. Палітык пералічвае галоўныя праблемы Беларусі і падкрэслівае справы, важныя для дачыненняў з Еўразвязам. Еўрадэпутат збіраецца ў Менск і плануе павялічыць падтрыманне беларускаму грамадству і незалежным медыям. Інтэрв’ю Алеся Сіліча з Бруселю.

Мы цешымся, што справамі Беларусі ў Еўрапейскім парламенце займаецца польскі палітык, менавіта польскі палітык узначальвае дэлегацыю для сувязяў з Беларуссю. Палякі ды іншыя суседзі заўсёды найлепш разумелі нашыя праблемы. Дарэчы, як вы іх разумееце? Якія праблемы вам падаюцца найбольш важнымі сёння?

Найбольшая праблема ў Беларусі – ізаляцыя ад еўрапейскіх партнёраў. Збліжэнне ў адносінах з Расеяй, якое назіраецца апошнімі гадамі, для нас як для еўрапейцаў, для Еўразвязу было дакладна цяжкім. Апошняя сустрэча ў Сочы паказала, што расейска-беларускія адносіны больш складаныя, усё больш цяжкія. Гэта можа быць таксама пачаткам бліжэйшага дыялогу з Еўразвязам, на што, безумоўна, вельмі разлічваем.

Асноўная праблема Беларусі, а дакладней, уладаў Беларусі, – залежнасць ад Расеі: ёсць залежнасць эканамічная, палітычная – ад рашэнняў, прынятых у Крамлі, а не ў Менску. І гэта дакладна ўскладняе сітуацыю, калі размова ідзе пра незалежнасць Беларусі.

Але мусім шукаць магчымасці для дыялогу, асабліва ў кантактах паміж Польшчай і Беларуссю. Ідзецца пра пытанні, звязаныя з візамі, малым бязвізавым памежным рухам, пра паглыбленне гэтай інтэграцыі праз малы памежны рух. Але таксама пра пытанні, звязаныя з аплатаю візаў. Ведаем, што цяпер працягваюцца размовы пра адмену высокага кошту для жыхароў Беларусі. Іх трэба працягваць.

Трэба працягваць культурны абмен, трэба працягваць падтрымку Еўразвязу. Калі казаць пра падтрымку, развіццё грамадзянскай супольнасці, Еўразвяз прызначае штогод некалькі дзясяткаў мільёнаў еўраў на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. І я як старшыня дэлегацыі буду дамагацца таго, каб гэтая сума была штораз большая. Адначасова чакаю, што ўлады Беларусі будуць праводзіць дыялог, асновай якога будзе прававая дзяржава, правы чалавека і дэмакратыя.

Як бы вы ацанілі сённяшнія стасункі Еўрапейскага Звязу і Беларуссі?

Гэта вельмі цяжкія стасункі з увагі на тое, як ажыццяўляецца ўлада ў Беларусі, гэты дыялог ускладнены праз форму, у якой функцыянуе беларуская ўлада. Але Еўразвяз шукае шляхоў, каб супрацоўнічаць з беларускім грамадствам, падтрымліваць беларускае грамадства – эканамічна, культурна, палітычна.

Мы не хаваем, што падтрымліваем прадэмакратычную беларускую апазіцыю, такую апазіцыю будзем запрашаць у Еўрапейскі парламент, будзем запрашаць недзяржаўныя арганізацыі, вольныя медыі і змагацца за вольнасць медыяў у Беларусі. Гэта датычыць і «Белсату».

Для нас як для Еўразвязу важна, каб каштоўнасці Еўразвязу распаўсюджвалі ў Беларусі, бо Беларусь – гэта частка Еўропы, частка нашай культуры, і будзе дрэнна, калі гэты дыялог сарвецца. Але дакладна будзе крытычнае заангажаванне: мы падсвядома памятаем, што Беларусь мае сур’ёзную праблему з дэмакратыяй.

На чым канкрэтна, на якім пытанні, на якой праблеме афіцыйным Менску і Бруселю трэба сканцэнтравацца, сфакусавацца?

На жаль, буду паўтараць: дагэтуль сёння сур’ёзнай праблемай застаецца сітуацыя з дэмакратыяй у Беларусі. І дакладна Брусель і інстытуцыі Еўразвязу будуць звяртаць на гэта ўвагу. Мае калегі тут, у Еўрапейскім парламенце, кажуць таксама пра шматлікія канкрэтныя справы: пра тое, як успрымаюцца медыя, як успрымаюцца недзяржаўныя арганізацыі, як успрымаецца апазіцыя. Але таксама пра пытанні, звязаныя, напрыклад, з энергетычнай бяспекай і атамнай электрастанцыяй у Астраўцы, супраць чаго пратэстуе Літва, якую падтрымліваюць іншыя краіны. Гэта адна з тэмаў, што падымаецца, калі размова ідзе пра нашыя адносіны.

Таксама бліжэйшыя стасункі, якія датычаць інтэграцыі грамадства Еўразвязу з беларускім грамадствам: гэта пытанні аб візавым руху, малым памежным руху, эканамічныя пытанні і пытанне падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Дакладна на гэтым будзем у найбліжэйшыя гады канцэнтравацца. Адначасова, несумненна, будзем намагацца знайсці прастору, у якой у Беларусі будзе шанец на большую інтэграцыю з еўрапейскімі структурамі, бо гэта важна таксама для ўсіх інстытуцый Еўразвязу: каб Беларусь была як мага бліжэйшай да свайго месца, а месца Беларусі – у Еўропе, у еўрапейскай супольнасці.

У тым, што датычыць сочынскіх перамоваў і так званай паглыбленай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй, як выказаўся ваш калега дэпутат Пятрас Аўштравічус, тут ёсць і аптымісты, і песімісты. Аптымісты лічаць, што ўсё Ok. У выніку перамоваў Беларусь нешта атрымае, будзе паглыблена супраца. Песімісты лічаць, што Беларусь можа згубіць дзяржаўнасць і незалежнасць. Вы аптыміст ці песіміст? Чаму?

Апошнія даследаванні беларускай Акадэміі навук паказалі, што толькі 7,7 % жыхароў Беларусі – за інтэграцыю з Расеяй, таму ў беларускім грамадстве няма схільнасці і жадання інтэграцыі з Расеяй. Мне падаецца, што перш за ўсё мы павінны слухаць голас жыхароў Беларусі.

Апошнія дэманстрацыі супраць размоваў прэзідэнта Лукашэнкі і прэзідэнта Пуціна паказваюць, што гэта не чорна-белы малюнак, што гэтая інтэграцыя не мае моцнай падтрымкі ў беларускім грамадстве. Фіяска ў размовах паказвае (бо ўсё ж гэтыя размовы скончыліся фіяска), што Расея зайшла задалёка ў спробе федэралізацыі з Беларуссю. Саюзная дзяржава, якую прапанавалі 20 год таму, што датычыць яе функцыянавання, не прынесла выпраўлення эканамічнай сітуацыі паміж дзвюма краінамі, не прынесла дабрабыту для Беларусі.

Гэта паказвае, што Беларусь павінна шукаць іншы шлях. Безумоўна, я б заахвочваў, каб мы падумалі пра больш глыбокую інтэграцыю са сваймі суседзямі з заходняга боку беларускай мяжы.

ВІДЭА
Лукашэнка не пагодзіцца на ўсе ўмовы Крамля
2019.12.28 09:05

АБСЕ не прызнала нядаўніх лістападаўскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў, так званы беларускі парламент. Ці разглядаеце вы гэтых дэпутатаў як калегаў і ці паціснеце руку такому дэпутату пры сустрэчы?

Я заўсёды падаю руку кожнаму, хто хоча павітацца, маю такі падыход. Але, безумоўна, Еўрапейскі парламент не падтрымлівае сувязі з беларускім парламентам. Мы не назіралі за выбарамі ў Беларусі, таму што яны ўжо на пачатковай фазе былі дрэнна падрыхтаваныя, не адпаведныя стандартам вольных выбараў. Таму мы не будзем прызнаваць калег з беларускага парламенту як вольна выбраных дэпутатаў, што не значыць, што мы не будзем шукаць дыялогу.

У лютым Еўрапейскі парламент збіраецца з афіцыйнай дэлегацыяй у Беларусь. Я буду кіраваць гэтай дэлегацыяй. Будзем праводзіць сустрэчы.

Напэўна, будуць сустрэчы з нашымі калегамі з беларускага парламенту, але не ў будынку беларускага парламенту і без прызнання іхнага статусу як дэпутатаў, абраных на вольных выбарах. Бо Еўрапейскі парламент не прызнае, дарэчы, чарговы раз, гэтых выбараў як вольных і дэмакратычных.

Прэзідэнт Польшчы разам з літоўскім калегам нядаўна наведалі ўрачыстае перазахаванне ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў Вільні. Беларускі прэзідэнт гэтую ўрачыстасць праігнараваў. Як у Польшчы ўспрынялі гэты факт, як вы асабіста ставіцеся да гэтага?

Я думаю, што гэта вынік падыходу прэзідэнта Беларусі, спадара Лукашэнкі, да пытанняў, звязаных з трактоўкай суседзяў за заходняй мяжой. Шкадую кожны раз, калі прэзідэнт Лукашэнка не ўдзельнічае ў сустрэчах прэзідэнтаў Еўразвязу. Дакладна гэтак страчвае грамадства Беларусі. Кепска, калі прэзідэнт Лукашэнка не карыстаецца шанцамі на дыялог, на размовы, якія дае такая сустрэча.

Намеснік міністра абароны Беларусі нядаўна заявіў, што наша краіна збіраецца ўдзельнічаць у сумесных вучэннях з NATO. Ці не паварот гэта на Захад на фоне інтэграцыйных гульняў з Крамлём?

Кожны раз, калі чую такія дэкларацыі, падсвядома памятаю пакутлівы дыялог паміж Беларуссю і Расеяй. І баюся, што гэта можа быць гульня прэзідэнта Лукашэнкі, якая не збліжае нас, а выкарыстоўвае нас у размовах з прэзідэнтам Пуціным. Гэтага найбольш баюся. Калі па-за гэтымі дэкларацыямі з’явяцца дзеянні, якія наблізяць Беларусь да еўрапейскай супольнасці, да супольнасці бяспекі ў рамах NATO, то я буду задаволены. Хоць баюся, што такога тыпу дэкларацыі служаць толькі і выключна як інструмент для перамоваў з прэзідэнтам Пуціным.

Калі вас чакаць у Менску і з якой місіяй?

Мы будзем у Менску ў найбліжэйшым часе. Будзе афіцыйная дэлегацыя дэпутатаў Еўразвязу, Еўрапейскага парламенту ў Беларусь. Пад канец лютага адбудзецца такая місія: будзем сустракацца перш за ўсё з вольнымі медыямі, з недзяржаўнымі арганізацыямі, з дзеячамі апазіцыі, але таксама будзем праводзіць сур’ёзныя размовы, цяжкія размовы, з прадстаўнікамі беларускай улады.

Што беларусам варта чакаць у новым 2020 годзе адсюль, з Бруселю? На што спадзявацца? Можа быць, будуць нейкія пажаданні з вашага боку?

Перш за ўсё хацеў бы пажадаць жыхарам Беларусі свабоды. Хацеў бы пажадаць і мару пра тое, каб Беларусь была нарэшце дэмакратычнай, вольнай краінай. Польшча доўгі час змагалася за сваю вольнасць і 30 год мы можам святкаваць гэтую вольнасць, цешыцца з гэтай вольнасці. Таго ж зычу сваім сябрам і сяброўкам у Беларусі. Я перакананы, што ў нейкі дзень мы прачнёмся ў вольнай Беларусі. Не ведаю, ці гэта будзе 2020 год, але зробім жа ўсё, каб гэта як найхутчэй надышло. І гэтага зычу ўсім цудоўным жыхарам Рэспублікі Беларусь.

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 27.12.19

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў