Ці давядуць праверкі КДК да банкруцтва дызайнераў? У справу ўжо ўмяшаўся Мінкульт

У памяшканні Беларускага саюзу дызайнераў. Фота: МГ / Belsat.eu

Камітэт дзяржаўнага кантролю правёў праверку творчых саюзаў. Пасля гэтага камунальныя службы Менску пачалі ў разы павышаць арэндную плату за творчыя майстэрні. Такія падаражэнні могуць прывесці да банкруцтва як творчых дзеячаў, гэтак і да іх саюзаў.

Пачалося ўсё ў кастрычніку 2019 года. У размове з карэспандэнтам belsat.eu старшыня Беларускага саюзу дызайнераў Дзмітрый Сурскі ўзгадвае: тады прадстаўнік КДК папрасіў падаць звесткі аб майстэрнях, якія арэндуе Саюз, а таксама дакументы, што датычаць фінансавай дзейнасці арганізацыі.

«Потым пачалі тэлефанаваць людзям, прыходзіць да іх у майстэрні, цікавіцца, што яны робяць. Зразумела, што чалавек, які гэтым займацца, не вельмі дасведчаны ў нюансах нашай дзейнасці. І калі ён прыходзіць у майстэрню фэшн-дызайнера, ён бачыць, што там ляжаць тканіны, фурнітуры, швейныя машыны. Першая думка, якая прыходзіць да яго, – тут займаюцца рамонтам адзення ці пашывам», – заявіў Дзмітрый Сурскі.

Дзмітрый Сурскі. Фота: МГ / Belsat.eu

Узніклі пытанні і да таго, што шэраг дызайнераў зарэгістраваныя ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле суразмоўцы, статус ІП трэба, каб мець магчымасць гандляваць сваймі калекцыямі ды купляць неабходную тканіну, фурнітуры ды іншае. У майстэрнях жа яны «працуюць творча, ствараюць свае калекцыі». Тое, што дызайнеры менавіта падчас маніторынгу займаліся прадпрымальніцкай дзейнасцю, не даказана, кажа старшыня саюзу.

Арэнда падаражэла ў разы

Тым не менш прынамсі па 8 майстэрнях, якія змешчаныя ў Ленінскім і Маскоўскім раёнах Менску, былі накіраваныя рэкамендацыі ў ЖРЭА з прычыны парушэння заканадаўства: нібыта людзі займаюцца не творчай, а прадпрымальніцкай дзейнасцю. У выніку пачалі скасоўваць права льготнай арэнды памяшканняў, якое маюць творчыя саюзы паводле ўказа кіраўніка дзяржавы № 150 ад 29 сакавіка 2012 года.

«І далі такія загады: каго аштрафаваць, з кім разарваць дамову, каму налічыць за папярэднія гады», – кажа Дзмітрый Сурскі.

Выстаўленыя да даплаты сродкі месцамі перавышаюць 98 тыс. рублёў. У выпадку адной з майстэрняў за тое, што дызайнерка зарэгістраваная як ІП, да аплаты налічылі дадатковыя 43 тыс. рублёў, пачынаючы з 2018 года, хоць ІП было адкрытае толькі ў 2019-ым.

Паведамленне пра неабходнасць даплаціць за арэндную плату. Фота: МГ / Belsat.eu

«У дамовах выразна прапісана, што спачатку нам выказваецца прэтэнзія, даецца тэрмін на яе выпраўленне, калі ёсць нейкія парушэнні, і толькі потым ёсць магчымасць штрафу. Але штраф таксама абмежаваны сумамі не больш за 25 % ад гадавой арэнднай платы. Але ні новай дамовы, ні іншых дакументаў нам не даслалі. У аднабаковым парадку нам даслалі новыя рахункі. У гэтай сітуацыі, мы проста вымушаныя будзем прызнаць банкруцтва і закрыць Саюз, бо такіх грошай у нас няма», – кажа Дзмітрый Сурскі.

Сярод тых, каму павысілі арэндную плату, вядомы мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер. У яго выявілі не толькі рэгістрацыю ІП, але і наяўнасць у майстэрні ложку. У выніку арэндная плата павялічылася амаль у 4 разы.

Але тлумачэнняў ніякіх са ЖРЭА ні сам дызайнер, ні саюз так і не атрымалі.

У памяшканні Беларускага саюзу дызайнераў. Фота: МГ / Belsat.eu

«Вырашылі яе аплаціць, бо калі ты зусім не аплачваеш, то могуць пазбавіць [памяшкання. – Belsat.eu] за няплату. Пасля, калі вырашыцца, магчыма, гэтыя грошы вернуцца», – распавёў Belsat.eu Уладзімір Цэслер.

«Шабляй захацелася памахаць»

Дзмітрый Сурскі лічыць, што адбываецца мэтанакіраваная атака на творчыя саюзы. На яго думку, магло мець месца жаданне «дадатковыя зоркі сабе павесіць на пагоны».

«Відавочна, што тут ёсць галавацяпства. Шабляй захацелася памахаць гэтаму правяраючаму», – кажа ён.

Паводле яго, дзяржава мае быць зацікаўленая падтрымліваць творчасць. Напрыклад, у «еўрапейскіх гарадах творчыя майстэрні – гэта такі культурны крэатыўны кластар, куды можна прыйсці на дні адчыненых дзвярэй, азнаёміцца з працэсам творчасці, нешта купіць».

«І правяраючы з КДК быў згодны са мной, што творчая майстэрня – гэта працоўнае месца творчага працаўніка. І часцяком гэта адзінае працоўнае месца, дзе ён можа нешта зарабіць. Увесь час так было», – адзначыў суразмоўца.

Што цяпер?

Саюз дызайнераў даслаў звароты ў Менгарвыканкам, Міністэрства культуры, КДК ды Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. Як вынік, кіраўнікоў творчых саюзаў, якія закрануў маніторынг (БСД, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці ды іншыя), запрасілі на сустрэчу ў Мінкульт 24 студзеня.

Беларускі саюз дызайнераў. Фота: МГ / Belsat.eu

Дзмітрый Сурскі лічыць, што заканадаўства трэба мяняць. Напрыклад, у Кодэкс аб культуры можна ўнесці палажэнне пра творчыя майстэрні з агульнымі правіламі – у тым ліку і адносна супрацьпажарнай бяспекі, бо ў майстэрнях прымушаюць усталёўваць супрацьпажарнае абсталяванне, якое «каштуе непад’ёмных для дызайнераў грошай».

Паводле Сурскага, трэба замацаваць і сам статус творчых работнікаў – як гэта зроблена ў дачыненні да рэпетытараў, рамеснікаў, натарыусаў, статус якіх адрозніваецца ад прадпрымальніцкага. Таксама творчым дзеячам важна даць магчымасць самім абіраць форму ажыццяўлення сваёй дзейнасці: або быць вольным мастаком, або самазанятым, як рамеснік, або індывідуальным прадпрымальнікам, або дырэктарам ці акцыянерам прадпрыемства.

«Але гэта не павінна забараняць яму займацца творчасцю», – заявіў Дзмітрый Сурскі.

Спадзяецца ён і на разуменне асабіста кіраўніка КДК Леаніда Анфімава, які ў свой час быў датычны да стварэння Беларускага саюзу дызайнераў.

Дзмітрый Сурскі. Фота: МГ / Belsat.eu

«Мы спадзяемся, што лісты, якія яму адрасаваныя, да яго дойдуць, і што гэтае галавацяпства будзе прыпыненае», – кажа суразмоўца.

Дзмітрый Сурскі кажа, што «ёсць надзея, што гэта ўсё выправіцца». Разам з тым ён, хай і жартам, але не выключыў магчымасці самаспалення.

МГ belsat.eu

Hавiны