Тры месяцы турмы за няправільнае адсяканне галоваў карпам. Польскі суд пакараў гандляра рыбаю


Кроташынскі суд (Вялікапольскае ваяводства) пакараў гандляра рыбаю за адсяканне галоваў карпам без аглушэння. Суддзя пастанавіў пакараць 59-гадовага мужчыну турэмным зняволеннем на трохмесячны тэрмін.

Гэта першы ў гісторыі польскага правасуддзя вырак за пакуты рыбы, піша tvp.info. Мужчына тлумачыў у судзе, што праз аглушэнне рыба пакутуе мацней, чымся ад адсякання галавы. Гандляр адсякаў галовы карпам пры дапамозе нажа-гільятыны для нарэзкі сыру. Адзін з мясцовых жыхароў запісаў на відэа гэты працэс і даслаў у арганізацыю «Viva», якая займаецца аховаю жывёлін. Прадстаўнікі арганізацыі распавялі пра гандляра рыбаю паліцыі, а праваахоўнікі высунулі яму абвінавачанне ў здзеках з жывёлінаў.

«Рыбы пакутуюць не менш за птушак і сысуноў, бо маюць падобную болевую сэнсарную сістэму. Калі я паглядзела гэтае відэа, то ў мяне было ўражанне, што лязо тупое і рыба пакутуе праз гэта», – тлумачыць Анна Плашчык, абаронца жывёлін з фундацыі «Viva».

Пракурор прасіў суддзю адправіць мужчыну ў турму на 6 месяцаў.

Гандляр рыбаю збіраецца абскардзіць судовае рашэнне.

ЮВ/Belsat.eu, паводле tvp.info

Глядзі таксама
Каментары