Трэст «Белтрансбуд» не выплочвае заробкаў сотням працаўнікоў


У рэдакцыю belsat.eu звярнуўся былы працаўнік ААТ «Трэст Белтрансбуд» Ілля Н. (свайго прозвішча цалкам ён назваць не пажадаў). Мянчук сцвярджае, што буйная дзяржаўная будаўнічая арганізацыя, у якой ён адпрацаваў амаль 14 гадоў, перастала плаціць заробак штомесяц і ён быў вымушаны звольніцца праз рэгулярныя затрымліванні выплатаў.

Ілля звольніўся з «Белтрансбуду» яшчэ ў траўні 2018 года і падаў пазоў у суд, каб атрымаць грошы за апошнія два месяцы. Паводле рашэння суду, арганізацыя абавязаная выплаціць яму 2000 рублёў – па 800 рублёў за месяц плюс пеня за затрымку.

«Разлік са мной не правялі дагэтуль. Суд я выйграў, але цяпер ужо не ведаю, што рабіць. Звяртаўся і ў Генеральную пракуратуру, і ў Адміністрацыю прэзідэнта – ніхто не змог дапамагчы», – скардзіцца мужчына.

Дакументы, размешчаныя на афіцыйным сайце ААТ «Трэст Белтрансбуд» сведчаць: на сённяшні дзень (ад 17 студзеня 2019 году) арганізацыя знаходзіцца ў працэсе санацыі, бо раней апынулася на мяжы банкруцтва і звярнулася па дапамогу да дзяржавы. Паводле словаў былога працаўніка, гэта з’яўляецца прычынай таго, што трэст не можа разлічыцца ні з ім, ні з ягонымі былымі калегамі.

«У падобнай да маёй сітуацыі апынуліся яшчэ 400 чалавек», – кажа Ілля.

З пратаколу паседжання Мінархітэктуры і будаўніцтва ў справе эканамічнай неплацежаздольнасці трэсту пазначана: яму прадугледжана прадстаўленне «сродкаў Рэспубліканскага інавацыйнага фонду на бязвыплатнай аснове ў памеры 16, 9 млн рублёў. Гэты фонд знаходзіцца ў структуры Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі, які, у сваю чаргу, падначалены Савету міністраў. На сайце Дзяржстандарту адзначаецца, што інавацыйны фонд праводзіць конкурс на фінансаванне з бюджэтных сродкаў навукова-даследчых, вопытна-канструктарскіх і вопытна-тэхналагічных праектаў. Аказваецца, фонд вырашыў падтрымаць збанкрутаваўшы будаўнічы трэст.

«Самае цікавае, што тыя, хто давёў трэст да такога стану, або без праблем звольніліся без нявыплачаных даўгоў, або спакойна працуюць і ўсцяж атрымліваюць заробак, не затрымліваюць яго сабе», – гаворыць Ілля.

Цяпер мянчук уладкаваўся на працу ў камерцыйную арганізацыю.

«Больш няма жадання звязвацца з дзяржавай», – кажа ён. Але надзеі ўсё ж атрымаць свае 2 тысячы рублёў не пакідае.

Атрымаць каментар кіраўніцтва ААТ «Трэст Белтрансбуд» па тэлефоне не атрымалася. Belsat.eu накіраваў пісьмовы зварот з просьбай патлумачыць сітуацыю.

***

ААТ «Трэст Белтрансбуд» існуе з 1940 года, ім былі пабудаваныя шматлікія дарогі, шляхаправоды, вакзалы, масты, сацыяльныя абʼекты. Да банкруцтва на прадпрыемстве працавалі каля 1700 чалавек.

Па выніках 2017 года, выручка трэста дасягнула 47,3 мільёнаў рублёў і паменшылася ў параўнанні з 2016 годам на 78,9%. Чыстая страта склала 5,3 млн рублёў, вынікае з дакументаў, падрыхтаваных да сходу акцыянераў. Крэдыторская запазычанасць дасягнула 35, 5 млн рублёў.

У 2018 годзе 99,83% акцыяў ААТ «Трэст Белтрансбуд» знаходзіліся ў дзяржуласнасці (Дзяржкамітэт па маёмасці – 59%, холдынг «Белбудцэнтр» – 40,8%). Астатнія 0,17% акцыяў былі размеркаваныя сярод фізічных асоб, пераважна працаўнікоў прадпрыемства.

У апошнія гады топ-менеджары з сістэмы трэста патраплялі пад крымінальны пераслед. У красавіку 2016-га быў затрыманы галоўны інжынер СМП № 667 пры атрыманні хабару ў 10 тысяч долараў. Следства ўстанавіла, што за хабар агульным памерам у 40 тысяч долараў ён гатовы быў «закрываць вочы» на недахопы, якія маглі быць у будаўнічых матэрыялах, якія пастаўляюцца трэсту. За гэта мужчыну пакаралі 8,5 гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. У мінулым годзе быў асуджаны былы начальнік СМП № 715, які выкарыстаў падначаленых для выканання работ у асабістых мэтах.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары